|

|
|
Доктар Рус
З даўніх часін Полацак славіўся сваімі багаццямі ды свабодалюбівым характарам жыхароў. Нават увайшоўшы ў склад Вялікага княства Літоўскага, гэты горад здолеў захаваць пэўную эканамічную незалежнасць і высокі ўзровень культуры. У 1498 годзе Полацак атрымаў Магдэбургскае права. Знаходзячыся на Дзвіне, ён вёў ажыўлены гандаль амаль з усімі суседнімі краінамі. Не дзіва, што прафесія купца была надзвычай запатрабаванай. Менавіта ў сям’і полацкага купца і нарадзіўся апостал ліцвінскага кнігадрукавання – Францішак Скарына.
Атрымаўшы пачатковую адукацыі і веды па латыні, Скарына накіраваўся ў Кракаў. У 1504 годзе паступіў ва універсітэт на факультэт свабодных навук, а кажучы прасцей – на філасофію. І ўжо праз два гады быў узведзены ў ступень бакалаўра.
Менавіта ў Кракаве да Скарыны прыйшла задума на новым якасным узроўні развіць славянскае кірылічнае кнігадрукаванне. І гэта было не выпадковае рашэнне, бо ўпершыню кірылічны друк быў распачаты менавіта ў Кракаве ў 1491 годзе. А здзейсніў гэта друкар нямецкага паходжання Швайтпольт Фіёль. Менавіта кракаўскі Фіёль, як асоба і прафесіянал, стаў бясспрэчным аўтарытэтам для Скарыны. У Фіёля ён запазычыў вадзяныя знакі, кірылічную нумарацыю па аркушах, памер радковага шрыфту, некаторыя вялікія літары, двухкроп’ё з асаблівай рыскай у канцы кожнага раздзела. А Фіёлеўскі “Часаслоў” узяў за аснову пры падрыхтоўцы “Малой падарожнай кнігі”.
Не менш уразіла маладога Францішка і гісторыя пра гераічную схватку Фіёля з кракаўскай інквізіцыяй, якая абвінаваціла друкара ў ерасі. З гэтай схваткі Фіёль выйшаў пераможцам, што надало прафесіі друкара апрача арэолу першапраходцы яшчэ і прывабную для маладога пакалення героіку.
Адметна яшчэ і тое, што Польшча была другой пасля Чэхіі краінай, якая ўкараніла вынаходніцтва Гутэнберга – друкарскі станок. У 1513 годзе ўбачыла свет першая польскамоўная кніга. Пры гэтым ад пачатку стагоддзя ў Польшчы стала працавалі лацінскія друкарні, а першая з іх была створана ў 1473 годзе.
З 1507 года Скарына падарожнічае па Еўропе, пашыраючы свае веды. Неўзабаве ён атрымлівае вучоную ступень доктара свабодных навук. Пазней у адным з дакументаў падуанскай курыі фігуруе ўжо як каралеўскі сакратар. А 9 лістапада 1512 года ў біскупскім палацы ў прысутнасці 24 свяцілаў Падуанскага універсітэта і высокіх асоб каталіцкае царквы на іспыце паказвае настолькі бліскучыя веды, што атрымлівае адзінадушнае ўхваленне ўсіх прысутных. Цяпер на Захадзе яго завуць не інакш як Доктар Рус. Тым не менш, дасягнуўшы вышынь Еўрапейскай адукацыі ў навуках вызвольных і лекарстве, Скарына не пераўтварыўся ў кабінетнага вучонага-схаласта, а свядома стаў на шлях асветы свайго народа.
Заручыўшыся фінансавай падтрымкай багатых гараджан Вільні, Скарына едзе ў Прагу. Менавіта там у 1517 годзе ён стварае сваю першую друкарню. Праўда, гэтаму папярэднічалі пяць гадоў арганізацыйнай працы, а таксама працы над перакладамі і падрыхтоўкай славянскіх тэкстаў да друку. Пасля гэткай карпатлівай падрыхтоўкі, яго друкарня адразу вызначылася надзвычайнай прадуктыўнасцю. Ужо ў першы год яна выдавала да 40 аркушаў, у другі – да 30, у 1519 г. – да 43.
6 жніўня 1517 года выйшла ў свет яго кніга – “Біблія руска”, якая на некалькі дзесяцігоддзяў апярэдзіла аналагічнае польскамоўнае і нават англамоўнае выданні.
5 снежня 1519 года выходзіць скарынаўская “Кніга Суддзяў”, апошняе пражскае выданне. Надалей Скарына вырашае перанесці кнігадрук ў родную Вільню. Вось тут і пачынаюцца першыя цяжкасці. У польскім Уроцлаве мытнікі, а магчыма і артадаксальныя прадстаўнікі каталіцкай царквы западозрылі Скарыну ў прыхільнасці да рэфармацыі. Яго кнігі абвясцілі ерэтычнымі і канфіскавалі. Апрача кніг Скарына мусіў пакінуць ва Ўроцлаве і значную частку друкарскіх матэрыялаў ды прылад. Але гэта не перашкодзіла яму здзейсніць свой пачэсны намер.
У доме пратэктара “найстаршего бурмістра” Якуба Бабіча ў Вільні Скарына стварае першую на ўсходзе Еўропы друкарню. У 1522 годзе ў Вільні выходзіць яго “Малая падарожная кніга”, а ў 1525 годзе – “Апостал”.
Неўзабаве Скарына едзе ў Маскву. Там ён плануе заняцца распаўсюджаннем выдадзеных кніг, а таксама заснаваць кнігадрук. Але... Паводле аднаго з дакументаў караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста выглядала тое падарожжа так: “пры панаванні нашага боскага бацькі, яго падданы, кіруючыся набожным жаданнем і наважыўшыся надрукаваць і выдаць на рускай мове святое пісанне, прыбыў да маскавіцян; але па загаду князя Васілія гэтыя кнігі былі публічна спаленыя, таму што былі выдадзеныя падданым рымскай царквы і ў месцах, якія падлягаюць яе ўладзе”.
Па вяртанні з Масковіі выдавецкая дзейнасць Скарыны прыпынілася. Адна з прычын – судовыя працэсы паміж сваякамі Скарыны з-за маёмасці ў Вільні. Выдаўцу бракуе грошай і падтрымкі мецэнатаў. І гэта вельмі важныя складовыя, бо ў той час кнігадрукаванне ў Еўропе было справай падзвіжніцкай, ініцыятывай саміх прадпрымальнікаў.
Каб здабыць грошы, Скарына мусіць пайсці на службу да прускага герцага Альбрэхта. Але яго знаходжанне там было нядоўгім. Неўзабаве Скарына пакідае прускі двор і вяртаецца ў Вільню, пры гэтым тайна прыхапіўшы з сабой тамтэйшага яўрэя-лекара, а таксама друкара. Ён ўсё яшчэ спадзяецца аднавіць выдавецкую дзейнасць. Але недахоп грошай, вялікі пажар у Вільні і няспынны судовы ўціск з прычыны неаплачаных пазык брата, перакрэсліваюць усе яго намаганні.
Летам 1539 года пазначана апошняе сведчанне пра жыццё Скарыны, на той час садоўніка ў пражскім каралеўскім батанічным садзе. Надалей, выправіўшыся на лекаванне ў Добрыя Воды, ён раптоўна знікае. І нават дагэтуль не знойдзеныя дакументы за 40-я гады, якія б тычыліся яго жыцця.
Толькі ў 1551 сыну ліцвінскага першадрукара была выдадзеная грамата на права валодання спадчынай бацькі, ў якой Скарына названы нябожчыкам. Смерць Скарыны пацвярджаюць і судовыя дэкрэты 1552 года. Аднак дата і месца яго смерці дагэтуль застаюцца невядомымі. Што ж тычыцца разнастайных версій, якія часам можна пачуць і ад гісторыкаў, то ўсе яны не маюць фактычнага пацверджання. Але цікавым уяўляецца паведамленне храніста Гаека пра пажар у Празе 2 чэрвеня 1541 года:
“У доме дэкана ў склепе згарэла адна кухарка, старая жанчына; у вуглавым доме – ксёндз Мікулаш Кульгавы, вікарый; з ім таксама згарэў і сын Яна Цукраржа, дванаццацігадовы Лоранц, і другі хлопчык крыху меншы за яго; у доме ксяндза Яна з Пухава, – кухарка Магдалена, а таксама хлопчык Францішак, сын колішняга Доктара Руса...”
Хто ведае, магчыма напярэдадні, а магчыма і ў гэтым вогнішчы мог знікнуць і сам Доктар Рус. Зрэшты, версій яго скону існуе безліч, ад помсты крэдытораў да самазабойства. Аднак ні адна з іх не можа прэтэндаваць на праўдзівую.
Ян Мнішак
Старонка < 1 > < 2 > < 3 > < 4 > < 5 > < 6 > < 7 > < 8 > < 9 > < 10 > < 11 > < 12 > < 13 > < 14 >
Тэксты пададзены на мове арыгінала
|
|
|