|

|
|
Ліцьвінскія хронікі. Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка
(фрагменты)
Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка, найвышэйшы маршалак літоўскі, ваявода трокскі і віленскі, а таксама першы ардынатар нясвіжскі, вядомы не толькі тытуламі ды радавітым паходжаннем. У гісторыю Вялікага Княства ён увайшоў яшчэ і як славуты вандроўнік ды пісьменнік-мемуарыст.
У 1563 годзе Мікалай Крыштаф выпраўляецца ў сваё першае сур’ёзнае падарожжа ў Нямеччыну. Яму было 14 гадоў, калі яго бацька князь Мікалай Чорны палічыў, што сын павінен працягнуць вучобу ў Эўропе. І Мікалай Крыштаф працягвае адукацыю ва ўніверсітэтах Страсбурга, Цюрыха, Цюбінга, Хайдальберга. Потым, выконваючы апошнюю волю бацькі, робіць аб’езд еўрапейскіх уладароў у Германіі, Францыі, Італіі. Наведвае двор Максіміліяна. Пад кіраўніцтвам Рамана Сангушкі ўдзельнічае ў надзвычай папулярных рыцарскіх турнірах.
Пасля смерці бацькі, дасягнуўшы паўналецця, Мікалай Радзівіл бярэ апеку над багатымі спадчыннымі ўладаннямі і перасяляецца ў Нясвіж – радавое гняздо Радзівілаў. Але душа прагне новых вандровак. З прыходам на прастол Стэфана Баторыя, Мікалай Крыштаф актыўна падтрымлівае яго палітыку. І зноў выпраўляецца ў падарожжа. Ён бярэ ўдзел ў вызваленчых баявых аперацыях і паходах караля на Масковію. Мікалай Крыштаф не толькі фармуе вялікія атрады з падуладных яму людзей, але і сам удзельнічае ў вайсковых аперацыях. Праўда, гэтая вантура была нядоўгай. У бітве за Полацак Сіротка атрымлівае цяжкае раненне і мусіць пакінуць вайсковую службу. Аднак сыходзіць з гонарам – за ўдзел у ваеннай кампаніі ён атрымлівае пасаду найвышэйшага маршалка літоўскага. Праходзіць зусім няшмат часу і Сіротка зноў выпраўляецца ў падарожжа. Цяпер рушыць ў шлях яго вымушаюць кепскі стан здароў’я і дадзены зарок здзейсніць паломніцтва да Труны Гасподняй.
Напачатку ён едзе ў Італію, дзе рыхтуецца да пераходу ў Іерусалім. Але пагроза эпідэміі на Блізкім Усходзе прымушае вярнуцца ў Нясвіж.
Не праходзіць і года, як Мікалай Крыштаф зноў наважваецца выправіцца ў паход і здзяйсняе сваё стаўшае легендарным падарожжа на Святую Зямлю.
Гэтае падарожжа пачалося 16 верасня 1582 года. З Нясвіжа Сіротка едзе ў Венецыю, дзе, перачакаўшы зіму, вясной 1583 года на караблі накіроўваецца да порта Трыпалі. Па дарозе наведвае востраў Крыт і Кіпр. А падчас пераходу да Іерусаліма – старажытныя руіны Баальбека і Дамаска. Пасля пакланення Труне Гасподняй і Галгофе ён не паварочвае назад, а працягвае свой шлях – цяпер ужо ў Віфлеем і праз пустыню да Мёртвага мора. Надалей яго шлях ляжыць у Егіпет. Пры гэтым кожны свой крок Сіротка занатоўвае:
"Плывучы па Ніле, вялікае мноства буслоў бачылі мы на берагах, бо сюды ад нас яны заўсёды адлятаюць гэтай парою, калі Ніл, наплываючы, з багнаў змеяў незлічоную колькасць на пажыву ім прыносіць. Бачылі мы ў рацэ чатырох морскіх коней. Да зуброў нашых паставаю, поўсцю і велічынёю вельмі падобныя, толькі што без рагоў. Яны шкоду вялікую чыняць у рысе, дзеля чаго равы глыбокія вакол палёў выкопваюць, каб гэтыя звяры, ногі кароткія маючы, вылезці на бераг не маглі. Калі чалавека ў полі заспеюць, кусаюць і заядаюць. Стрэлілі па іх з колькіх мушкетаў, але ці забілі, няведама, бо звяры тыя вялікія і дужыя..."
Сіротка дае вельмі дакладнае апісанне не толькі раслінаў, прыродных з’яваў, храмаў, але і нораваў ды побыту насельнікаў мясцінаў, якія мінае:
"У панядзелак і ў чацвер на кірмашы шмат розных тавараў: жывёлы рознае, людзей ўсіх народаў і моваў вялікае мноства. З-за тлуму вялікага цяжка праз вуліцу перайсці, якую пешыя, конныя, жывёла, а асабліва распусніцы (прыгожа ўбраныя, з закрытым тварам, на мулах едучы) напаўняюць. Кажуць, што іх тут да ста тысячаў... Было ў той панядзелак мужчын на продаж семсот і жанчын шэсцьсот. Ва ўсіх праколатыя вушы і ноздры. Паміж жанчын шмат хто з ніжняй губою праколатай. Вельмі танна тавар гэты прадаюць. Бо за дзесяць дукатаў у золаце хлопца або дзеўку, якая спадабаецца, купец бярэ. А калі купіць, можа з ей што хоча рабіць – або жыццё захаваць, або забіць. То ж гняўлівыя і злосныя шмат і забіваюць".
Зямля, па якой ён ідзе, небяспечная не толькі для рабоў, але і для вандроўнікаў. Часам выпадае рызыкаваць жыццём. Пры гэтым найбольшую небяспеку ўяўляюць разбойнікі, якіх надзвычай шмат у гэтых мясцінах. Яны гаспадараць не толькі ў пустэльні, але і на вадзе:
"Егіпцяне не толькі на сушы крадуць, але і, дасканалымі нырцамі будучы, у рэках і моры хаваюцца. Пад вадою да джэрмы падплываюць, бяруць, што могуць, і ў ваду цягнуць. Трапляецца часта, што і чалавека заснулага ў ваду зацягнуўшы, жыццё і адзенне ў яго забіраюць. А калі збіраюцца грамадою, у джэрмы залазяць, людзей заснулых забіваюць і забіраюць здабычу. Каб і на нас якое ліха не навалілася, чуйнавалі мы ўсю ноч, паўгакі напагатове трымаючы. Апоўначы выплылі, а апоўдні прамінулі месца Талха, дзе жывуць адныя толькі нягоднікі ды злачынцы".
Нягледзячы на небяспеку, падарожжа Мікалая Крыштафа мае шчаслівае завяршэнне. Па шляху дамоў ён ўжо са спакойнай душой падводзіць вынік сваёй вандроўкі:
"Падарожжа мае я апісаў нязвыклым спосабам гісторыкаў. І хто там бываў, прызнае, што я ўсе праўдзіва апісаў і шмат чаго досыць падрабязна…"
З паўднёвых краінаў Мікалай Крыштаф Радзівіл вязе ў Нясвіж не толькі археалагічныя калекцыі, егіпецкія муміі, але і экзатычных жывёл: малпаў, леапардаў, папугаяў, "фараонавых пацукоў". Яны павінны былі ўпрыгожыць звярынец, які Сіротка марыў заснаваць у Нясвіжы. Але, безумоўна, галоўным вынікам падарожжа стала яго кніга "Перэгрынацыя, або Паломніцтва Ясна Асветленага Князя Ягамосці Мікалая Крыштафа Радзівіла ў Святую Зямлю". Упершыню яна выйшла ў 1601 годзе, а потым не аднойчы перавыдавалася.
Уладзімір Давыдоўскі
Старонка < 1 > < 2 >
< 3 >
< 4 >
< 5 >
< 6 > < 7 >
< 8 >
< 9 >
< 10 >
< 11 > < 12 >
< 13 > < 14 >
Тэксты пададзены на мове арыгінала
|
|
|