Terra Incognita
Беларускамоўная музыка Падляшша ахоплівае сёння амаль усе сучасныя накірункі, але надалей размова пойдзе выключна пра тых музыкантаў, якія граюць не для таго, каб пацешыць публіку альбо зарабіць грошы, а шчыра хочуць данесці да іншых свае адчуванні і маюць унутранаю патрэбу ствараць музыку. Менавіта так працуюць беларускамоўныя рок-гурты "Zero-85", "Гоман", "Rima", так працавалі і тыя, што былі раней – "Кардон", "R.F. braha", "Вядро".
Падляшскія гурты вядомыя сёння ва ўсёй Польшчы. Іх запрашаюць на вялікія канцэрты ў Варшаву, Кракаў, Познань. Адзін з іх – гурт "Zero-85" – вядомы і ў Беларусі. А калі нехта не чуў іх песень, то, пэўна, бачыў музыкантаў з "Уліса" ці "Zet", апранутых у майкі з надпісам "Zero-85". Лідэр гурта, Юрка Асіннік, бадай самая заўважная постаць на рок-сцэне. Ён не стварае музыку для забавы. А праз тэксты сваіх песень імкнецца данесці да слухача нешта важнае: свае адчуванні, палітычныя погляды. Спявае пра сацыяльныя праблемы беларусаў у Польшчы і пра тое як жывуць беларусы ў Беларусі. І перадусім музыка гурта "Zero-85" – жорсткая, нефарматная, незвычайная. У іх песнях няма стандартнай пабудовы – куплет-прыпеў-куплет-прыпеў. Ім уласцівыя нечаканыя змены рытму, змены мелодыкі. Ды й песня можа доўжыцца не тры-чатыры, а восем хвілінаў.
Не менш вядомы і гурт "Rima". Ён выступае амаль на ўсіх буйных польскіх рок-фестывалях, яго запрашаюць на розныя музычныя агляды. Цікава, што гэты гурт паўстаў у 2000 годзе ў Дзень закаханых, але дагэтуль не мае ніводнай песні пра каханне. Гурт "Rima" адметны і высокім тэхнічным узроўнем валодання музычнымі інструментамі. За сем гадоў існавання запісаў два дыска і зараз працуе над трэцім.
Ілона Карпюк – вядомая ў Падляшшы як Ілё, як вакалістка рок-гурта "5set5" і як лідэр былога гурта "Гоман". Яна стварыла ўласны музычны праект "Ілётронік", а супольна з музыкамі гурта "Rima" – бардаўскі. Але галоўны праект Ілоны ўсё ж гурт "5set5" з Гарадка.
Паспяхова працуе на музычнай ніве і вядомы калісьці ў Беларусі Яўген Шэмет. Перабраўшыся ў Польшчу, ён жыве цяпер ў Беластоку і стварае музыку, якую найхутчэй можна назваць папсой. Шэмет вельмі актыўна праяўляе сябе як музыкант і як арганізатар. Ён – кіраўнік народных ансамбляў на Падляшшы, стварае музыку са сваім сынам, піша дзіцячую беларускамоўную музыку. Апрача таго мае свой гурт, які называецца "Лідэр", разам з ім выступае на вяселлях ды беларускіх фэстах.
Мае Падляшша і сваю музычную гісторыю. І нават гурт, які па значнасці можна параўнаць з "Песнярамі". Называўся ён "Дубіны" – гэтак жа як і мясцовасць пад гарадком Гайнаўка. Існаваў ў 80-я гады, і менавіта ад гэтага гурта пачалася ўся беларуская поп-музычная культура ў Польшчы. А потым пачалі паўставаць іншыя. Такія як гурт "The Shadows", які пасля назваўся "R.F. braha", ды гурт "Кардон". Цікава, што ўдзельнікі "Кардону" нават не мелі адмысловых ведаў пра музыку. Тым не менш, лідэр гурта Крыштафор Сяськевіч пісаў найвыдатнейшыя тэксты і мог у двух словах перадаць сэнс таго, пра што спявае. Простай была і іх музыка – модны напачатку 90-х панк-рок.
Зараз у Польшчы квітнее так званы капіталізм. І калі музыкант хоча зарабляць грошы, то мусіць ствараць музыку, якую слухаюць ды купляюць. Таму беларускамоўная музыка на Падляшшы выяўляецца не толькі ў рок-сферы і найноўшых тэхна-накірунках. Ёсць гурты, якія ствараюць менш амбітную музыку і выступаюць на вяселлях ды адкрытых пляцоўках, дзе не так важна, што грае, абы грала і было па-беларуску. Але зазвычай гэтая музыка невысокага ўзроўню і з’яўляецца пры нагодзе.
Вартае ўвагі і тое, што слухачы беларускамоўнай музыкі ў Польшчы – гэта перадусім свядомыя беларусы, якія жывуць на Падляшшы. У 2002 годзе быў зроблены нацыянальны спіс Польшчы. Выявілася, што на Падляшшы свядомых беларусаў, якія зазначылі, што яны беларусы, – 50 тысяч. А моладзі, якая слухае беларускамоўную музыку, думаю, больш за тысячу. Аднак пабачыць яе разам можна толькі на фестывалях "Басовішча" ды "Бардаўская восень".
Лукаш Стэпанюк
На цёмным баку Традыцыі
Фэст "CRIVIA AETERNA. Архаіка і сучаснасць" – адзіны ў Беларусі фестываль neo-folk і dark-wave-музыкі. Пад гэтымі, здавалася малазразумелымі музычнымі тэрмінамі, хаваюцца і сучасныя выканаўцы фальклору, і эксперыментатары ў галіне "цёмнай" электроннай музыкі, і тыя, хто аб’ядноўвае ў адзінае цэлае гэтыя напрамкі сучаснай незалежнай музычнай культуры.
Цікава, што правядзенне фэсту ініцыявала расійская выдавецкая кампанія "Stigmata". Тым не менш, назва імпрэзы CRIVIA AETERNA ("Крывія назаўсёды" ці "Крывія вечная") была прапанавана выключна ў звязу з гісторыяй Беларусі. Мо таму арганізатары, каб не адыходзіць ад звышзадачы фэста, што адлюстравалася ў назве, аддалі перавагу беларускім выканаўцам. Але фестываль – жаданая пляцоўка і для гасцей нашай сталіцы. Сёлета на CRIVIA AETERNA завітаў культавы расійскі dark-folk-дуэт MOON FAR AWAY з Архангельска, які прадставіў на суд беларускіх слухачоў апрацоўкі фальклору рускай Поўначы. Але гэты выступ быў на заканчэнне фэсту…
А адкрыць імпрэзу, што гэтым разам праводзілася ў мінскім клубе "Step", арганізатары даручылі маладому гомельскаму праекту SVALBARD. Як і многія выканаўцы "цёмнай" электроннай музыкі, SVALBARD у канцэртах выкарыстоўвае фанаграму, на якой запісаны электронныя інструменты, "жывым" у выступе гучыць толькі вакал. Бадай, гэта адзіны выпадак, калі выкарыстанне фанаграмы не лічыцца асаблівай заганай. Бо ў гэтым спецыфіка канцэртнай падачы такой музыкі.
Што ж тычыцца музыкі SVALBARD, то яна прадстаўляла своеасаблівы кактэйль з "гатычных" аранжыровак маркотных і панурых мелодый. У той жа час голас выканаўцы, які мае даволі шырокі вакальны дыяпазон, выяўляў драматычную сутнасць тых ці іншых кампазіцый. У выкананні SVALBARD прагучалі песні на вершы аўстрыйскага класіка Райнера Марыя Рыльке (у перакладзе Барыса Пастэрнака), нямецкамоўныя творы, кампазіцыі на вершы рускіх паэтаў. Беларуская тэматыка была прадстаўлена электронным творам паводле паэмы Пятруся Броўкі "Беларусь" і мела заўважную фальклорную арыентаванасць.
Цікавыя электронныя эксперыменты прапанаваў вядомы магілёўскі выканаўца электроннай музыкі і крывіцкі філосаф, які выступае пад псеўданім Войст. Ён стваральнік праекта PRAGNAVIT, які прэзентаваў сталічным слухачам свой чарговы дыск "Svietacjam", што быў выдадзены на лэйбле "Crivia Records" у Расіі. Безумоўна, каб зразумець творчую накіраванасць праекта PRAGNAVIT, аднаго праслухоўвання не дастаткова. Патрэбна вывучэнне гістарычных і філасофскіх пошукаў, які вядзе Войст. Іх вынікі былі прадстаўлены на сцэне фэста CRIVIA AETERNA ў выглядзе тэатралізаванай містэрыі, галоўнай дзеючай асобай якой стаў крывіцкі Жрэц, які здзяйсняў таямнічыя рытуалы, чытаў чароўныя замовы і святыя тэксты. Па словах аўтара, задума альбома "Svietacjam" – пасвячэнне зацікаўленых слухачоў у патаемны сэнс спадчыны і светаўяўлення нашых продкаў – Крывічоў.
У сцэнічнай містэрыі Войста гучыць не толькі складаныя для асэнсавання электронна-музычныя комплексы, але і даўнейшыя акустычныя інструменты – беларуская дуда і акарына, на якіх гралі калегі Войста, удзельнікі магілёўскага гурта OSIMIRA Андрусь Палаўчэня і Кастусь Канцавы. Гукі старажытных інструментаў быццам бы вярталі слухачоў у сусвет беларускай Атлантыды – Крывіі, запачаткоўвалі рытуал адраджэння крывіцкай Традыцыі…
Нягледзячы на тое, што праграма "Svietacjam" у выкананні музыкаў праекта PRAGNAVIT прагучала ў канцэртным, больш сціслым варыянце, ягонае музычнае і сцэнічнае ўвасабленне не пакінула абыякавымі слухачоў, якія цёпла прынялі эксперыменты ўдзельнікаў PRAGNAVIT. Думаю, было б справядліва, каб гэтая грандыёзная музычна-сцэнічная дзея ў поўным яе варыянце была прадстаўлена і на Радзіме.
Рытуал-фолк-гурт ESSA на гэтым фестывалі выступіў без свайго лідэра і заснавальніка – знакамітага музыкі і майстра Тодара Кашкурэвіча, які знаходзіўся ў Літве. Вольнае месца ў гурце заняў вучань Тодара – дудар Дзяніс Сухі. Удзельнікі ESSA прапанавалі слухачам твор, які тэматычна адпавядаў скіраванасці фэсту – музычную кампазіцыю паводле беларускага фальклору "Жніўная містэрыя". У гучанні гурта ESSA спалучаліся мелодыі для дуды, гусляў, а таксама складаныя, багата інтаніраваныя вакальныя партыі Святланы Клепікавай, Вольгі Дзядовік і Аляксандры Емельянавай. Трэба адзначыць, што музыканты знайшлі той патрэбны баланс інструментальнага і вакальнага гука, які робіць ESSA ўнікальным калектывам на беларускай пост-фолк-сцэне.
Наступную фестывальную прэм’еру прапанаваў мінскім слухачам магілёўскі гурт OSIMIRA, які прэзентаваў кампазіцыі са свайго новага альбому "DRUVA". Па сваёй акустычнай атмасферы гэта праца значна адрозніваецца ад папярэдняга альбому "Прошча". Яе адрозненні ў тым, што ў музыцы OSIMIRA стала менш "электрычнага" гуку, затое акустычны складнік музыкі быў заўважна пашыраны. На запісу стала больш гукаў і партый дуды, акарыны… Па-новаму загучалі ў альбоме сурмы, жалейкі, колавая ліра, дудкі, парняты, вурган, шархуны, чароткі і шмат іншых музычных артэфактаў.
Мо таму слухачы з такой зацікаўленасцю слухалі песні OSIMIRA, што адчулі навізну і творчы пошук знаных музыкаў, якія цяпер збольшага гастралююць па краінах Еўропы і ў Расіі. Лепшыя песні з новага альбома "Яр’еў Конь", "Страла", "Я скакала, плясала", "Правяду русалку" былі з вялікай цікавасцю ўспрыняты слухачамі. А іх гарачыя апладысменты – адзнака творчага падыходу музыкаў да пярлін нацыянальнай фальклорнай скарбонкі. Нельга не адзначыць індывідуальны ўклад у поспех OSIMIRA яго лідэра, цудоўнага выканаўца і аранжыроўшчыка Андруся Палаўчэні, віртуоза-інструменталіста Кастуся Канцавога, вакалістак Вольгі Брацянковай і Вольгі Пытковай. На жаль, гэтым разам не ўдалося адчуць асалоду ад віртуознасці і артыстычнасці скрыпачак OSIMIRA Кацярыны Донды і Ларысы Прэабражэнскай, якія не ўдзельнічалі ў гэтым канцэрце.
Завяршыць канцэртную праграму фэста "CRIVIA AETERNA. Архаіка і сучаснасць", як і ў мінулым годзе, было даручана архангелагародцам – dark-folk-дуэту MOON FAR AWAY. Яго ўдзельнікі, якіх ведаюць пад псеўданімамі COUNT ASH (кампазіцыя, гітара, клавішныя) і ANASTASIA (вакал) прадставілі беларускім слухачам вельмі светлыя, меланхалічныя мелодыі, характэрныя для еўрапейскага музычнага неакласіцызму і фальклору Поўначы Расіі. Слухачоў асабліва захапіла выканаўчая манера вакалісткі ANASTASIA, якая здолела перадаць самыя тонкія нюансы фальклорных і аўтарскіх твораў гурта. Мне ж асабіста падалося, што многім тутэйшым рускамоўным выканаўцам трэба было б у парадку загада пазнаёміцца з бездакорным вымаўленнем расіянкі ANASTASIA, каб яшчэ раз упэўніцца, што іх "тутэйшая" руская мова – пародыя на "великий и могучий".
Як і беларусы, удзельнікі MOON FAR AWAY цяпер не толькі ствараюць кампазіцыі ў стылістыцы dark-wave dark-folk, але і звяртаюць пільную ўвагу на спадчыну свайго народа. І робяць гэта творча, па-за камерцыйнай накіраванасцю. Гэта вельмі важна, бо з рускім фальклорам у Беларусі знаёмыя толькі паводле рэпертуару "разухабістых" Бабкінай ды Кадышавай! Таму важны элемент праграмы фэсту "CRIVIA AETERNA. Архаіка і сучаснасць" – знаёмства беларускіх слухачоў са спадчынай суседняга народа таксама быў выкананы. Але гэтага, відавочна, недастаткова. На мой погляд, фэст патрабуе пашырэння, у першую чаргу стылістычнага і геаграфічнага. Ды і працягласці ў адзін дзень для такой імпрэзы ўжо яўна недастаткова.
Анатоль Мяльгуй
Старонка < 1 > < 2 > < 3 > < 4 > < 5 > < 6 > < 7 > < 8 > < 9 >
Тэксты пададзены на мове арыгінала