Вялікае Княства
Пачатак | Факты | Грамадства | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | Даведка By | Rus | Pol | Eng

 

Фэст "Be Free": быць вольным – наша права
(9-10 жніўня, Львоў, Украіна)

Адна з найбольш яскравых падзей беларускай рок-музыкі апошняга часу адбылася на тэрыторыі Украіны, у слаўным сваёй гісторыяй і традыцыямі горадзе Львове. Там пад патранатам Львоўскай гарадской рады (і гэта, як высветлілася, вельмі важна для беларусаў!) адбыўся вялікі міжнародны рок-фестываль "Be Free" – "Быць вольным". Яго ўдзельнікамі сталі больш за 30 калектываў з Украіны, Беларусі, Польшчы і Францыі. А колькасць гледачоў, якія патрапілі на канцэрты фэсту ў парку імя Б. Хмяльніцкага і на плошчы Рынак, па прыблізных падліках пераваліла за дзесятак тысяч!

Трэба аддаць належнае арганізатарам фэсту з беларускага боку – Еўрапейскаму радыё для Беларусі, Беларускай Музычнай Альтэрнатыве, маладзёвай ініцыятыве СтудФармат, а з боку гаспадароў – Саюзу Украінскай Моладзі, – якія выбралі менавіта Львоў месцам правядзення фэста "Be Free". Бо гэты горад з’яўляецца носьбітам сапраўднага Украінскага Духу, традыцый вольнасці і "обіріжного" стаўлення да роднай мовы. Гэта пераканаўчы прыклад, у першую чаргу, для маладых беларускіх рокераў, якія бывае сумняваюцца ў правільнасці абранага, беларускамоўнага шляху. Такі моўны патрыятызм львавян акрыляў гасцей фэсту, дысцыплінаваў тых, хто не вельмі трымаўся сваіх каранёў. Для іншых жа моўнага бар’еру паміж беларусамі і украніцамі Львову абсалютна не назіралася. Гэта яшчэ адзін агрумент на карысць Львову, як месца правядзення "Be Free"…
З гаспадароў адзначу вельмі прафесійнае выкананне і самабытнае пераасэнсаванне нацыянальнай тэмы ў рок-музыцы, якое прадэманстравалі ўкраінскія гурты "Інкунабула" і "Гайдамакі". Іх цудоўныя выступы наводзілі на думку, што украінскія і беларускія музыкі маюць шмат агульнага ў тым, што тычыцца пошукаў адментнасцяў у межах сваіх нацыянальных рок-школ. Але, была заўважна і розніца, якая вызначаецца становішчам рок-музыкі ў нашых краінах.
Потым, калі пляцоўка парка Б. Хмяльніцкага была поўнасцю запоўнена слухачамі, сцэна была прадстаўлена выканаўцам "цяжкага" адгалінавання беларускай рок-музыкі. Тут, у першую чаргу, адзначу харызматычнага і іранічнага А. Памідорава і яго гурт "Pomidor/OFF". З выступу Алеся пачаўся сапраўдны фестывальны ўздым і паяднанне душ прыхільнікаў року! І цудоўна, што гэтае свята братэрства музыкантаў і слухачоў з розных краінаў падтрымалі і польскі гурт "Rockaway", і французы з гурта "Vladivostok", беларускія каманды "Znich", "Zygimont Vaza", "Zet", і ўкраінскія зоркі з гурта "Гайдамакі". Іх намаганнямі фэст набыў новы маштаб і гучанне, як цэнтральнаеўрапейскай музычнай сустрэчы. І гэтаму факту не перашкодзіў нават лівень, які на завяршэнне перашага дня "Be Free" абрынуўся на слухачоў. У большасці з іх яшчэ больш замацаваліся ўпэўненасць, што заўтра трэба ісці ў парк зноў, каб вітаць незвычайнае музычнае відовішча і яго ўдзельнікаў…
Наступны, больш сонечны дзень абяцаў новыя музычныя сустрэчы, але на гарадской плошчы Рынак. Там павінны былі выступіць гурты фолк- і медыевальнай накіраваннасці, таксама калектывы, якія выступаюць у акустычным варыянце. Таму вядучы фэсту Алесь Круглякоў на сцэну першай запрасіў Насту Някрававу, якая прадставіла ў гэты дзень уласны фолк-праект. Пакуль яго праграма яшчэ не поўнасцю сфарміравалася канцэптуальна. Але тое, што музыкі ў пошуку, відавочна. Таму выступ Насты Някрасавай выклікаў у слухачоў толькі пажаданні поспехаў у абраным музычным накірунку.
Фолкавыя спевы на фестывальнай сцэне змянілі акустычныя рок-н-ролы, блюзы і востра-сацыяльныя зонгі ад Андрэя Плясанава і гурта "P.L.A.N." І хоць Андрэй і яго нязменныя музыкі гралі "непадключанымі", гук на сцэне набыў сакавітую рок-н-рольную афарбоўку. Гэта адбілася на ўспрыманні іх музыкі: слухачы пусціліся ў скокі, падпявалі Плясанаву, актыўна набывалі дыскі "P.L.A.N." і іншых беларускіх гуртоў. З цікавасцю былі сустрэты выступы фолк-гуртоў больш мадэрновай і эксперыментальнай накіраванасці. Маю на ўвазе творчасць дуэта "ЯR" і гурта "Джамбібум", якія выканалі песні са сваіх новых альбомаў "Хоха" і "Жавароначкі".
Але сапраўднае свята для львавян, які ў гэты дзень прыйшлі на фэст, пачалося, калі на сцэну былі запрошаны лідэр медыевільнай сцэны Беларусі гурт "Стары Ольса". Трэба адзначыць, што сустрэча з "жывым" выкананнем "Старога Ольсы" – гэта доўгачаканы падарунак для беларусаў Львова. Як адзначыў адзін з актыўных дзеячоў беларускага руха ў Львове Сяржук Горбік-Нехамец, гэтую сустрэчу з музыкай знанага гурта яны чакалі вельмі даўно і вельмі задаволены магчымасцю пачуць тыя кампазіцыі, якія вядомы ім па дысках. Асабліва зацікавіла львавян балада "Бітва пад Оршай", у якой праслаўляецца вядомы ў Беларусі і ва Ўкраіне князь Канстанцін Астрожскі.
Улюбенцам украінскай публікі стаў артыстычны і выкшталцоны Зміцер Вайцюшкевіч са сваім гуртом "WZ-orkiestra". І гэта зразумела, бо Зміцер – вядомы выканаўца як беларускіх песень, так і блізкіх ім украінскіх. Асабліва, памежнага палескага рэгіёну. Падчас выступлення Змітра плошча Рынак была запоўна найбольш і жыхары гораду адчынялі вокны сваіх кватэр, каб лепш была чуваць цудоўная музыка беларускага выканаўцы…
Праўда, трохі пазней вокны давялося прычыняць, бо на сцэну выйшлі гурты значна больш гучныя, хоць даволі арыгінальныя. Гэта тычыцца беларусаў з "Litvintroll" і гурта з Івана-Франкоўска "Кораллі". Аб’ядноўвала іх не толькі магутная гітарная "падкладка" ў гучанні, але і выкарыстанне старадаўніх народных інструментаў: беларускіх дудаў і гуцульскай трэмбіты адпаведна. Беларускі гурт выконваў "металічны" рок з сярэднявечнымі акцэнтамі, украінцы – рытмічны этна-фанк пад завадныя гуцульскія рытмы-"каламыйкі". А паміж выступам гэтых каманд сваё баявое майстэрства прадэманстравалі ўкраінскія ваяры з рыцарскага клуба "Чорны Галич".
Пакуль музычна-тэатральная дзея, якая адбывалася на плошчы Рынак, блізілася да завяршэння, як у парку культуры імя Б. Хмяльніцкага распачаўся фінальны канцэрт фэсту "Be Free" – "Быць вольным". Яго распачалі выступленні ўкраінскага гурта "Ху4", такіх вядомых у Беларусі каманд IQ 48, «Mauzer». Далей зайгралі польскія музыкі з гурта "Metanoia", якія трапілі на фэст праз удзел у конкурсе маладых выканаўцаў Rocko-Go. Дарэчы, сваю праграму польскія выканаўцы вялі па-беларуску.
З асаблівай увагай слухачы аднесліся да твораў знакамітай "Крамы", якая ў гэта дзень выконвала толькі гіты. Трэба было адчуць, стоячы ў сярэдзіне натоўпу, як большасць слухачоў падпявае "Краме" і іх песням "Камэндант", "Будзь разам з намі", "Выпі са мной да дна", "Хавайся ў бульбу". Адзін з актыўных прадзюсераў фэсту, лідэр гурта "ULIS" Слава Корань, не зважаючы на каласальную стому ад фестывальнай мітусні, на сцэне быццам бы пераўтварыўся ў новага чалавека. Радаваў цудоўнымі кампазіцыямі, якія былі "расквечаны" віртуознымі пасажамі яго гітары. Зразумела, найбольшы поспех мела этапная кампазіцыя музыканта "Радыё Свабода".
Што тычыцца яшчэ аднаго знакамітага ўдзельніка фэста – гурта "Neuro Dubel", то гэтым разам Аляксандр Кулінковіч і яго калегі аддалі перавагу сваёй роднай мове, што вельмі спадабалася і беларусам, і ўкраінцам.
Завяршалі фэст улюбёнцы ўкраінскай публікі, добра вядомыя ў Беларусі музыканты гурта "Тартак". Лідэр каманды Сашко Положынскій, перад выкананнем кампазіцыю "Не жадаю" папрасіў у ўкраінскіх слухачоў прабачэння за тое, што іх любімы твор гучыць не на роднай мове, у беларусаў за тое, што па-беларуску песня будзе не зусім дакладнай па тэксту і вымаўленню. Але Сашко выканаў "Не жадаю" так дакладна, што гэты варыянт кампазіцыі ўжо можна лічыць класікай беларускага рэпа, хоць і "ўкраінскага гатунку". Дзякуй, спадар Сашко за цудоўную беларускую мову, за словы падтрымкі беларускім музыкам, за прыхільнасць да сяброўства беларусаў і ўкраінцаў! На гэтай цудоўнай ноце фэст "Be Free" завяршыў сваю праграму ў Львове.

За два дні фестываль "Be Free" пачалі назваць альтэрнатывай "Басовішчу". Думаю, фестываль "Be Free" – гэта не замена, а выратаванне "Басовішча". Бо міжнародны фестываль у Львове даказаў, што ні якія абмежаванні і забароны не перашкода для сапраўднай музыкі і сяброўства. Толькі дзеля таго, каб тое зразумець, трэба было правесці "Be Free"!

Анатоль Мяльгуй




Басовішча – 2008
(18-19 ліпеня, Гарадок, Польшча)

Сёлетні ўжо XIX па ліку Фестываль музыкі маладой Беларусі вылучыўся шэрагам неспадзевак. Так, падчас першых выступаў, многіх прывяла ў разгубленасць невялікая колькасць гледачоў. Аднак на тое былі аб’ектыўныя прычыны – якраз у гэтыя дні ў Польшчы ды Германіі адбываўся шэраг канцэртаў рок-зорак сусветнай велічыні, куды і накіраваліся шматлікія рок-фаны. Паралельны фэст непадалёк ад Беластоку сабраў славутых джазавых выканаўцаў ды іх прыхільнікаў. Была і яшчэ адна прычына гэткай нешматлюднасці – бальшыня з тых, хто жыве ў Беларусі, папросту не здолелі атрымаць візы.

Яшчэ адной неспадзеўкай стала тое, што перад сцэнай не было ніводнага бел-чырвона-белага сцяга. Аднак, калі час рушыў за дзевяць, усё стала на свае месцы: колькасць гасцей наблізілася да звычайнай, а падчас выступу "Троіцы" адзін за адным пачалі ўзнімацца нацыянальныя беларускія сцягі.
А вось нечаканасцю, якая, на маю думку, не мае ўцямнага тлумачэння, стаў выканаўца, які першым выйшаў на сцэну – гурт "Крама". У выніку такога рашэння арганізатараў гурт, які мог бы ўпрыгожыць заканчэнне першага дня фестывалю, мусіў выступаць перад некалькімі сотнямі гледачоў.
Што ж да канкурсантаў, то ў музычным плане сёлета дамінаваў цяжкі хард-энд-хэві і досыць песімістычны светапогляд кшталту "няма надзеі..." Адзіным з беларускіх выканаўцаў, які музычна вылучыўся з цяжкарокавага асяродку канкурсантаў, быў гурт "SPITA/\Ь F". Пэўную хвалю аптымізму прыўнёс украінскі "...И друг мой грузовик". А па-сапраўднаму парадавалі і ўзрушылі публіку выступы этна-трыа "Троіца" і праекта Pomidor/OFF.
Другі фестывальны дзень адкрыла магілёўская "Zatoczka", якая найперш запомнілася дзякуючы свайму "пляжнаму" выгляду. Следам на сцэну выйшлі торуньскі "Gate", менскі "Rahis", "Schody" з Міхалова ды менскі "SOK". А найбольш якркім і запамінальным у гэты дзень стаў выступ надзвычай папулярнага тут гурта "Neuro Dubel". Гэтаму выступу папярэднічала абвяшчэнне пераможцаў конкурснай праграмы "Басовішча-2008".
Першае месца сёлета дасталася гурту "Tlusta Lusta" з Гародні, які атрымаў права бясплатнага запісу свайго альбома ў студыі Беластоцкага радыё, а таксама прыз ад тэлеканала Белсат. Другім лаўрэатам названы гурт "SPITA/\Ь F" з Менску і ўзнагароджаны прызамі ад Радыё Рацыя і войта гміны Гарадок. Трэці лаўрэат – магілёўскі гурт "Глюкі" здабыў прыз ад Польскага радыё для замежжа. Такі выбар першай тройкі стаў апошняй нечаканасцю. Тым не менш, менавіта гэтыя гурты ўвойдуць у якасці пераможцаў у летапіс фестывалю "Басовішча".

Уладзімір Давыдоўскі


Старонка < 1 > < 2 > < 3 > < 4 > < 5 > < 6 > < 7 > < 8 > < 9 >

Тэксты пададзены на мове арыгінала

 

Падзелы:  Пачатак | Факты | Грамадства | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | Даведка

Copyright © 2007-2008 Вялікае Княства