Свaбодa, Вeрнасць, Нeзалежнасць! | The Charity Project (Noncommercial) |
| Мастак стагоддзя |
|
|
| Аўтар: Сяргей Гваздзёў |
| 01.08.2009 16:10 |
|
Старонка 1 з 2 (паводле публікацыі ў газеце "Новы Час")
Золак жыцця будучага мастака быў бясхмарна-лагодным. Мар’ян быў народжаны ў сям’і Антона Богуша-Шышкі і Станіславы (з Козелаў-Паклеўскіх) 16 лютага 1901 года ў Тракеніках, у якіх 40 кіламетрах ад сталіцы, і ахрышчаны ў Быстрыцкім касцёле. Заможныя гаспадары сядзібы, што вялі свой род ад старой беларускай шляхты, атулялі сына клопатам і пяшчотай. Жыў хлопчык нібы ў казцы. Сямейныя паходы да касцёлу ў нядзелю, прагулкі на конях разам з бацькам па алеях старога парку, хатнія канцэрты па вечарах, агромністыя (на дзіцячае ўспрыманне) муры бацькоўскай сядзібы, блакіт рачулкі ды таямнічая гамана чорнага лесу, бясконцая сінь нябёсаў, працавіты гул чмялёў над кветкамі і сакатанне конікаў у траве, нясцерпная зыркасць палаючага золатам сонца — усё чаравала моцнымі і чыстымі фарбамі. Свет наваколля перапаўняў прагна-чуйную душу дзіцяці. У чатыры гады Мар’ян спазнаў сапраўднае шчасце — пачаў маляваць. Падчас германскага наступлення 1915 года Мар’ян зноў вярнуўся ў Верачату. Жыццё не пеставала юнака, але прыродныя здольнасці і працалюбства, упартасць ратавалі ў няпростых жыццёвых варунках. Маючы на мэце стаць мастаком, ён паспяхова засвойваў матэматыку. Падчас першай сусветнай, па смерці дзеда і па ад’езду маці з айчымам, менавіта прыватныя ўрокі па матэматыцы, якія Мар’ян будзе даваць, выратуюць сям’ю бабулі ад голаду.
Час і рэаліі жыцця з усёй непазбежнасцю ўцягнулі яго ў вір пераменаў і адбіліся на лёсе мастака. Юначая прага сапраўднага дзеяння павяла па неабсяжнаму колу моладзевых грамадскіх і рэлігійных арганізацыяў. У студзені 1919 года вучань 7-га класа Мар’ян — сябра вайсковай арганізацыі, у складзе групы самааховы, поўны рашучасці бараніць Вільню ад бальшавіцкай навалы. Але, выконваючы загад, мусіць адправіцца ў Варшаву… давучвацца. У красавіку 1919-га адбылася амаль выпадковая сустрэча з бацькам у Варшаве, якая, зрэшты, сталася і апошняй: той неўзабаве памёр. Улетку 1920 года камандзір харцэраўскага ўзвода, сяржант Богуш-Шышка быў паранены ў баі на Нёмане пад урочышчам Пышкі (зараз раён Гродна). Рана неўзабаве загаілася, і Мар’ян з баямі вярнуўся ў Вільню.
Па заканчэнні вайны з бальшавікамі сяржант запасу Мар’ян Богуш-Шышка, з двума баявымі крыжамі на грудзях, у студзені 1921 года бліскуча вытрымаў іспыты і зрабіў крок насустрач сваёй мары — паступіў на мастацкі факультэт Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя. Як і Сергіевіч, і Жынгель, ён трапіў на навучанне да прафесара жывапісу Фердынанда Рушчыца. А неўзабаве, у 1923 годзе, за акадэмічныя поспехі быў накіраваны ў добра вядомую ў Еўропе Кракаўскую акадэмію мастацтва. Працаваў на той час у горадзе і брат ягонага бацькі, знаны архітэктар Адольф Богуш-Шышка, творца сімфоній “застылай музыкі” ў Львове і Кракаве. Па першай сусветнай вайне ў мастакоўскіх колах Польшчы чуўся подых новых пластычна-выяўленчых павеваў, абумоўленых узаемнасцю дынамікі ўнутранага развіцця выяўленчага мастацтва і эстэтычным водгукам радыкальных падзеяў у Расіі і Германіі. Кракаўская акадэмія, знаная класічнымі традыцыямі — рэлігійным ды гістарычным жывапісам, сцверджаным яшчэ Матэйкам, — вядома, захоўвала свой “твар”. Але і тут, нават у межах біблейскай тэматыкі (“П’ета”, “Уцёкі да Егіпту”, “Пакладанне ў труну”, “Адам і Ева”) — быў відавочны пошук новых выяўленчых формаў. Маладога мастака, схільнага да эксперыменту і ад самага пачатку зарыентаванага на рэлігійны жывапіс, гэта, відаць, задавальняла. У яго творчасці знаходзілі сабе месца розныя жанры: партрэты сяброў-аднакашнікаў і знаёмых, краявіды, нацюрморты, кампазіцыі. У пошуках уласнай творчай манеры зазнаў Богуш-Шышка і ўплывы вядучых кірункаў тагачаснага еўрапейскага мастацтва. Дамінуючым жа творчым прыёмам Мар’яна наканавана было стаць своеасабліваму, экспрэсіўна-абагульненаму рэалізму. Жанравы абсяг мастака шырокі. Першаасновай, стрыжнем творчасці, цягам усяго жыцця сталіся сюжэтныя кампазіцыі на рэлігійныя тэмы. І няма выпадковасці ў тым, што для выканання дыпломнай працы Мар’ян абраў вечную для хрысціянскіх творцаў, эпічную, трагічную і аптымістычную падзею — “Укрыжаванне”, якую мусіў увасобіць у шматфігурнай кампазіцыі. У 1927 годзе, закончыўшы Кракаўскаю акадэмію, але яшчэ не абараніўшы дыпломную працу, Мар’ян разам з жонкай Сафіяй едзе ў гарадок на рэчцы Мухавец, цэнтр Палескага ваяводства — Кобрын, каб працаваць настаўнікам малявання ў гімназіі. Тут ён — асоба спелая і загартаваная “вайной і мірам” — нечакана для сябе зрабіў лёсавызначальнае адкрыццё. Прыйшло разуменне, што дзеці, якія не бачылі шырокага свету, неадукаваныя, не пеставаныя і не разбэшчаныя, здольны адчуваць, бачыць, усведамляць і перадаваць свет фарбамі больш шчыра, эмацыйна і натуральна, чым іх адукаваныя настаўнікі. З дасведчанага мастака і педагога Мар’ян ператварыўся ў іх вучня. І, відаць, адчуваў, што асноўнае для мастака, які шмат зведаў і адтаптаў дзесяткі дарог, — выйсці на шлях гэтай дзіцячай шчырасці і непасрэднасці. Бо дзеці яшчэ захоўваюць сваю непарыўнасць з космасам, трымаюцца пад Боскім апякунствам. Заварожаны ўласным адкрыццём, ён ашчадна захоўваў дзіцячыя малюнкі, экспанаваў іх у 1934 годзе ў Варшаве на конкурсе “Дзіцячае мастацтва”.
Скразная дарога Масква — Варшава, пабудаваная ў ХІХ стагоддзі, прывяла яго ў 1929 годзе на нейкі час з Кобрына ў невялічкі польскі гарадок Выбжаз. У 1932-м у Гданьску, дзе Мар’ян тады жыў і працаваў, адбылася яго першая персанальная выстава, прыхільна сустрэтая гледачамі і станоўча ацэненая крытыкай. Гэта была першая ластаўка, бо да верасня 1939 года мастак правёў 18 паказаў сваіх твораў — у Гданьску, Любліне, Гдыні, Кракаве, Варшаве. Рытм жыцця быў значна больш напружаны, чым можна ўявіць. Пэўны час Мар’ян у якасці “вольнага слухача” наведваў лекцыі і заняткі ў Варшаўскай акадэміі мастацтваў, дзе атрымаў яшчэ адзін дыплом. Здаў дзяржаўны экзамен на права выкладання мастацтва ў школах і гімназіях, багата працаваў творча. У 1933 годзе ў Мар’яна з’явіўся нашчадак, ахрышчаны Андрэем, — будучы архітэктар, рэстаўратар палацу на Вавелі ў Кракаве. Нягледзячы на вадаспад прыемна-адказных падзеяў і клопатаў, Мар’ян напружана працаваў. Закончыў кампазіцыю, якой аддаў больш за сем гадоў жыцця, — “Укрыжаванне”. Апрача жывапісу, не пакідаў ён і заняткі матэматыкай.
Напярэдадні 1939 года Мар’ян працаваў настаўнікам матэматыкі і мастацтва ў ліцэі Гданьску, адкуль і быў мабілізаваны 24 жніўня 1939 года ва ўзвод марской пяхоты. Пасля нядоўгіх, але крывавых баёў з фашысцкімі войскамі, Польшча вымушана была капітуляваць. Богуш-Шышка трапіў у палон. Пяць з паловай гадоў — ад верасня 1939-га да мая 1945-га, — якія мастак правёў у нямецкіх лагерах, былі цяжкімі, але і не страчанымі дарма. З дазволу лагернай адміністрацыі, Мар’ян наладзіў дзейнасць матэматычнага гуртка. Праводзіў лекцыі для нявольнікаў, што не згубілі цікаўнасць да жыцця. Адкрыў мастацкую студыю. Уражвае плён дзейнасці Богуша-Шышкі: апрача заняткаў па малюнку і жывапісу, за гэты час ён прачытаў больш за 200 лекцый па гісторыі і тэорыі мастацтва! Уласны даробак — каля 400 алоўкавых і жывапісных партрэтаў сяброў-нявольнікаў, побытавыя эпізоды з лагернага жыцця, накіды кампазіцый да Хрысталагічнага і Марыянскага цыклаў. Духоўнае і творчае жыццё мастака не ўпадала ў летаргію бяздзейнасці і безнадзейнасці. Гэты перыяд у жыцці Мар’яна Богуша-Шышкі краязнаўца і даследчык Алесь Юркойць вызначае як “аналітычны рэалізм”. Гады няволі сталіся часам выпрабаванняў і далейшага гарту душы, дапамаглі адкарэктаваць уласную шкалу маральных вымярэнняў, пераканалі, што “самы вялікі дар, які чалавек можа даць другому чалавеку — гэта сяброўства”. Вызваленага 2 мая 1945 года амерыканскімі войскамі з лагера Мар’яна ў жніўні таго ж года запрасіў у Італію яго стрыечны брат — генерал Зыгмунт Богуш-Шышка, намеснік начальніка штаба ІІ Польскага корпусу (паводле сведчання гісторыка Ю. Грыбоўскага, праз гэты корпус прайшло да 6 тысяч беларускіх жаўнераў). |

Увага!
Пры выкарыстанні публікацый спасылка на аўтара і партал абавязковая!