Свaбодa,  Вeрнасць,  Нeзалежнасць!

 The Charity Project (Noncommercial)

Танга для Беласточчыны Друк E-mail
Аўтар: Сяргей Гваздзёў   
26.09.2009 13:00

Нябеднае і, здавалася б, надзвычай удалае, аддадзенае мастацтву жыццё па-за Радзімай прынесла атрутны плод.
Падчас развітальнага візіту на бацькаўшчыну, мала прызнаны ў Польшчы і абсалютна невядомы ў Беларусі мастак быў абрабаваны да апошняга цэнта. Яшчэ праз некалькі гадоў ён загадкава і трагічна загінуў на сваёй Villa Ballester.
Багатая прыватная калекцыя старажытнасцяў, якая паводле тастаменту мусіла быць перададзеная ў Глоды, так і засталася ў Буэнас-Айрэсе, а яго ўласныя творы сталі нацыянальным скарбам Аргентыны...

Гэтая гісторыя пачалася на Беласточчыне на досвітку мінулага стагоддзя. У гміне Орля, на хутары Глоды жыў праваслаўны беларус — Тарас Паўлючук. Ён быў знаным на ўсю акругу кавалём, меў надзел ажно ў 16 гектараў і... пяцёра дзетак.
Старэйшы сын — Арцём, самастойны і ўпэўнены ў сваіх сілах, яшчэ перад вайной выправіўся шукаць лепшую долю ў Паўночную Амерыку. Другі — Віктар, рахманы ды працалюбівы, усё жыццё "трымаў сініцу ў руках", і, як і бацька, пражыў свой век (больш за 90 гадоў!) на спадчыннай зямлі. Малодшыя Павел (дарэчы, адзіны, хто вучыўся менавіта ў польскай школе) і Юрка недалёка адарваліся ад родных Глодаў і жылі — адзін у Бельску, а другі ў Беластоку.
Незвычайны лёс выпаў сярэдняму, трэцяму сыну Тараса, — Пятру, які вылучыўся мастацкім талентам. Ён нарадзіўся 26 лютага 1904 года і быў ахрышчаны ў праваслаўнай царкве Божага Нараджэння. У дзевяць гадоў скончыў мясцовую пачатковую школу і, гэтак жа як і старэйшы, пайшоў у свет. І вярнуўся. Праз 66 гадоў...

Здольнасці падлетка заўважыў яго настаўнік у прыхадской школе.
"Найшчаслівейшы дзень быў для мяне, калі мне, пяцігадоваму, купілі фарбы. Мясцовы праваслаўны святар сказаў бацькам, што яму не даводзілася бачыць такога здатнага да матэматыкі і малявання хлопца" (з аўтабіяграфіі).
У дзевяць гадоў Пётр скончыў пачатковую школу, а з наступнага 1914 года "быў выгнаны праз казакоў да Расіі ў першую сусветную вайну". У прычарнаморскія стэпы. "Там незваротна страціў даражэйшыя часы маладосці", — так пазней запіша ён у сваёй аўтабіяграфіі. Рэвалюцыйныя падзеі заспелі сям’ю Паўлючукоў у Саратаве на Волзе. Хапіла прыгодаў, калі ў 1921 годзе фурманкамі, не раўнуючы як цыгане, усім табарам (сям’я — восем душ) дабіралася да роднага краю. Ужо ў Польшчы скончыў 7 класаў гімназіі і быў прызваны на тэрміновую службу. У войску Пятру пашанцавала. Мо выпадак? Служыў недалёка ад дому, да таго ж яго здольнасць і прагу да малявання заўважыў артылерыйскі капітан Бучынскі. Менавіта ён пазнаёміў шарагоўца Пятра Паўлючука са сваім братам Станіславам. Той, у сваю чаргу, увёў юнака ў кола сваіх сяброў з Акадэміі мастацтваў у Варшаве (тады яшчэ Вышэйшай школы мастацтваў). Вучыўся ў Школе афарміцельскага мастацтва, і ўжо потым паступіў у акадэмію. Падчас познанскай выставы ў 1928 годзе ўдалося падрабіць хоць не дужа багата, але ж дзве тысячы злотых таксама не зашкодзілі. Пэўна, каваль Тарас не надта ўзрадаваўся ідэі паступлення сына ў акадэмію. Гаспадарка пазбавіцца яшчэ адной пары рук. Дый само навучанне запатрабуе выдаткаў ого-го якіх! А Пётр, калі неабходна, вымушаны пазычаць у Віктара гарнітур. Добра, калі будзе дзяржаўная стыпендыя, а калі не?

З настаўнікамі ў акадэміі Пятру пашанцавала — жывапісу ён навучаўся пад кіраўніцтвам прафесара Тадэвуша Прушкоўскага, а графіцы — Ляона Вычулкоўскага. (Абодва ўвайшлі ў гісторыю нацыянальнага мастацтва яшчэ пры жыцці).
Пасведчанне № 608-32 ад 1 чэрвеня 1932 года пацвярджала, што пан Пётр Паўлючук быў студэнтам Варшаўскай акадэміі мастацтваў, дзе вучыўся жывапісу пад кіраўніцтвам прафесара Тадэвуша Прушкоўскага. "Пан Паўлючук паказаў вялікі талент, працавітасць і заслугоўвае ў навучанні дапамогі дзяржаўнай з мэтай працягу навучання", — засведчыў стары прафесар.
Колькі разоў рэктарат звяртаўся да Міністэрства рэлігійнай і публічнай асветы з просьбай прызначыць Пятру Паўлючуку дзяржаўную стыпендыю. Міністэрства, у сваю чаргу, накіроўвала запыт па месцу нараджэння студэнта — да беластоцкай адміністрацыі. Нарэшце 2 мая 1933 года універсітэт атрымаў адказ, змест якога быў наступны: "Паўлючук Тарас, гадоў — 65, вызнання праваслаўнага, земляроб, жыхар… валодае… а таксама інвентаром і лічыцца найбагацейшым гаспадаром. На ўтрыманні сваім мае жонку і чатырох сыноў… Але дзяржаўная стыпендыя не можа быць прызначана не з прычыны маёмаснага стану сям’і, а з прычыны маральнага пункту гледжання. Нягледзячы на тое, што сям’я пакаранай не была і не з’яўляецца палітычна паднагляднай, "але адносіны да дзяржаўных уладаў мае непрыхільныя" — падпісаўся пад гэтымі словамі ваявода Станіслаў Мадлінскі. Нягледзячы на матэрыяльную нястачу, Пётр падчас вучобы неяк выжываў. Апрача малявання і здольнасцяў да матэматыкі, меў ён яшчэ, як цяпер кажуць, "камерцыйную жылку". Па ўласным прызнанні, праблемаў з грашыма ён ніколі не меў, абразы яго заўсёды добра купляліся, але на продаж аддаваў толькі тое, чым не быў цалкам задаволены. Да прыкладу, ведаючы попыт на фарбы, ён з некалькімі памочнікамі наладзіў выраб мастацкіх і будаўнічых фарбаў. Гэты занятак прыносіў не толькі прыбытак, але даваў магчымасць падтрымліваць сваё захапленне мастацтвам дываноў (іх ён набываў у варшаўскіх антыкварных крамках). Апрача таго, ён быў галоўным тэхнолагам і, як мастак-жывапісец, спасцігаў сутнасць колеру, яго таямніцу "знутры". Яго "малое прадпрыемства" таксама вырабляла рамы, падрамнікі ды іншыя прычындалы для малявання.

Праца не замінала навучанню. Гэта бачна з дакументаў, якія захоўваюцца ў архіве Варшаўскай акадэміі мастацтваў. "Рэктарат Варшаўскай акадэміі мастацтваў мае гонар засведчыць, што Паўлючук Пётр падчас навучання ў акадэміі атрымаў наступныя ўзнагароды: год акадэмічны 1931/32 — першая ўзнагарода (жывапіс) у майстэрні прафесара Прушкоўскага; год акадэмічны 1932/33 — першая ўзнагарода (жывапіс) у майстэрні прафесара Прушкоўскага; год акадэмічны 1933/34 — трэцяя ўзнагарода (малюнак у жывапісе) у майстэрні прафесара Прушкоўскага; год акадэмічны 1934/35 — першая ўзнагарода (жывапіс) у майстэрні прафесара Прушкоўскага і 1934/35 — другая ўзнагарода (графіка) у майстэрні прафесара Вычулкоўскага; год акадэмічны 1935/36 — першая ўзнагарода (жывапіс) у майстэрні прафесара Прушкоўскага; год акадэмічны 1936/37 — першая ўзнагарода (жывапіс) у майстэрні прафесара Прушкоўскага. Рэктар, прафесар Ст. О. Храстоўскі".
Падчас навучання ў Варшаўскай акадэміі мастацтваў, падчас фарміравання самога сябе, з аднолькавым захапленнем чытаў нелегальныя лісты Леніна і Біблію. (Біблія перамагла марксісцка-ленінскае вучэнне, і, дзякуючы гэтаму, мы зараз маем узор своеасаблівага праваслаўнага імпрэсіянізму).

Вось, бадай, і ўсё, што можна сказаць пра мастака на падставе тых дакументаў, што захоўваюцца ў архіве Варшаўскай акадэміі мастацтваў. Зразумела, была страшная другая сусветная вайна, паваенныя рэпрэсіі супраць мірнага насельніцтва. Багата чаго было… Сляды цікавага і перспектыўнага мастака, па сведчанням сучаснікаў, губляюцца. Раптам з, здавалася, неаднакроць перагледжаных дакументаў архіўнай справы выслізнуў зжаўцелы шматочак паперы памерам з чвэртку аркуша. Вылінялы атрамант скорапісу захаваў наступны змест: "Дарагі Павел, дастань дакументы з акадэміі, якія пацвярджаюць маё навучанне ў Варшаве. У мяне ўсё добра. Я ў Ліване. Твой брат Пётр. Прывітанне ўсім. 1946 год".
Жывы! Але далейшы пошук не даваў плёну. Хутчэй наадварот. Пытанняў толькі пабольшала. Да Лівана Пётр Паўлючук мог дабрацца разам з войскам генерала Андэрса. Але інстытут-архіў імя Сікорскага нічога не адказаў.



 

Warning: fsockopen() [function.fsockopen]: unable to connect to 193.0.6.135:43 in /h/3forceinfo/htdocs/administrator/components/com_joomlastats/count.classes.php on line 1044

Warning: fsockopen() [function.fsockopen]: unable to connect to 200.3.14.10:43 in /h/3forceinfo/htdocs/administrator/components/com_joomlastats/count.classes.php on line 1044

Warning: fsockopen() [function.fsockopen]: unable to connect to 196.216.2.1:43 in /h/3forceinfo/htdocs/administrator/components/com_joomlastats/count.classes.php on line 1044