Свaбодa,  Вeрнасць,  Нeзалежнасць!

 The Charity Project (Noncommercial)

Вайна заўсёды жыла побач Друк E-mail
Аўтар: Наталля Якавенка   
20.02.2007 11:32

"Вайна заўсёды жыла побач, як блохі і хваробы, кармілася людзьмі, вызначаючы адных у жывыя ахвяры, іншых у мёртвыя героі. Пры тым, якая б ні была, сусветная ці суседская, завяршалася нязменнай цырымоніяй – падзелам вялікіх краін або малых загонаў", – у пэўнай ступені афарыстычная цытата з выдадзенай у Беластоку аповесці Міхася Андрасюка "Белы конь"…


Па сённяшнім часе рэдка з'яўляюцца літаратурныя творы, якія яшчэ могуць здзівіць, бо за вялікую гісторыю сусветнай, ды й немалую гісторыю нацыянальнай літаратуры, здаецца, усе магчымая тэмы і фабулы неаднаразова "пракручаныя". Аднак, усё магчыма.
Прызнаюся: даўно не чытала з такім захапленнем і жаданнем цытаваць (тым больш празаічны твор). Што асаблівага ў аповесці "Белы конь"? Адначасова ўсё і нічога. Безумоўна, не абышлося тут без "алхіміі слова" – Міхась Андрасюк, відавочна, знайшоў сакрэт пісьменніцкага майстэрства – пісаць пра тое, што і іншыя, але так, як ніхто, наноў адкрываючы даўно вядомае. Да таго ж, яго шлях у літаратуру быў доўгім і пакручастым, дзе назапашваўся неабходны празаіку жыццёвы вопыт.
Нарадзіўшыся ў 1959 годзе ў Войнаўцы, атрымаўшы сярэднюю адукацыю ў Гайнаўскім ліцэі з беларускай мовай навучання, Міхась Андрасюк працаваў настаўнікам, каменацёсам, цяпер – журналіст. Ён з'яўляецца сябрам Беларускага літаратурнага аб'яднання "Белавежа", старшынёй неўрадавай арганізацыі "Беларускі форум самакіравання ў Польшчы" (Гайнаўка). Аўтар празаічных зборнікаў "Фірма" (2000г.) і "Мясцовая гравітацыя" (2004г.). Аповесць "Белы конь" – новы твор празаіка, новае асэнсаванне гісторыі, свету і сябе ў ім.

Пісьменнік па-мастацку асэнсоўвае гісторыю грамадзянскай вайны, падзелу Беларусі на ўсходнюю і заходнюю часткі, калі "час забіваў у зямлю камяні новых фундаментаў", а "мясцовы свет быў вельмі малады, і лёсы людзей пісаліся ад рукі, не зважаючы на рэкамендацыі ранейшых пакаленняў, а нават і універсітэцкія дыпломы".
У час вайны велічная гісторыя магутнай дзяржавы была скасавана, а геаграфія сапраўды звузілася да малога сялянскага загона: "Сёння ніхто ўжо не ведае, чаму найвялікшая ў свеце імперыя дайшла да маленькай вёсачкі, якую называюць Вялікая Апака і, лізнуўшы задыханым языком стадолу Андрэя Саўчука, не схрумкала яе, не каўкнула, а спынілася, тут якраз размяжоўваючы свет на польскі і рускі?". Нашчадкі Сапегаў і сяляне, маладыя і старыя, мужчыны і жанчыны – жыццё ўсіх было парэзана на кавалкі, як тая краіна, сімвалам якой з'яўляецца белы конь пана Драгабыцкага Султан: "Белы, як з восеньскай імглы выліты. А як падрываў капыты, як раскідваў грыву! Глядзіш і не ведаеш – дзе канчаецца конь, а дзе пачынаецца вецер… Пана Драгабыцкага першыя саветы расстралялі, а Султана зварылі і пасяклі на гуляш другія саветы".
А вось той, хто зваўся Бацькам народаў і меў абсалютную ўладу над пэўнай часткай свету, у тым ліку і над Белай краінай: "… ён не закончыў духоўнай семінарыі. Але не шкадаваў. Замест беспрадуктыўнага махання крапілам, сціскаючы ў руках аловак і лінейку, мог дзяліць свет на свой і чужы. Прыкладаў лінейку да вялікай мапы Еўропы, алоўкам вызначаў доўгія граніцы: гэта нам, а гэта вам!". Вянчаў народы, даваў ім новыя імёны, а калі хто запіраўся, не гуляючы ў залішнія паніхіды, выпраўляў оптам на іншы свет."
Нехта з вялікіх сказаў, што філасофія з'яўляецца скопішчам памылковых думак, а гісторыя – памылковых учынкаў. Чытаючы М.Андрасюка, у гэтым можна пераканацца. А таксама ўпэўніцца ў абсурднасці існавання скіраванай на самазнішчэнне чалавечай супольнасці, дзе глупства не мае межаў, а неверагодныя амбіцыі палітыкаў, генералаў – усіх, хто бярэ на сябе права вырашаць быць альбо не быць краінам і народам, могуць разбурыць свет. Але хто задумваецца над лёсамі звычайных смяротных у той час, як аловак генералісімуса рухаецца па карце?..
Над гэтым чытач аповесці проста вымушаны зноў і зноў разважаць. А калі ён яшчэ не канчаткова страціў пачуццё патрыятызму, то яму, магчыма, стане балець прыкладна так, як баліць аўтару, напісаўшаму ў канцы твора роспачныя і тужлівыя радкі: "У далёкай будучыні, калі гэтай маленькай краінай зацікавяцца археолагі і раскапаюць старыя фундаменты, разграбуць зарослыя травой сцежкі, зазірнуць у студню з недапітай вадой, яны занясуць у свае вучоныя кніжкі фантастычныя гісторыі: пра эпідэмію чумы, што раптоўна змяла ў нябыт жыццё, пра магічную моц планет, якія, склаўшыся ў непаўторную канфігурацыю, перавялі людзей з аднаго месца ў другое, пра лакальную вайну, без пераможцаў і пераможаных. Бо ўсе загінулі".

 

Дадаць каментар