Свaбодa,  Вeрнасць,  Нeзалежнасць!

 The Charity Project (Noncommercial)

Музычнае мастацтва Вялікага Княства Друк E-mail
Аўтар: Марыя Фралова   
30.05.2009 12:37

Сярэднявечча... Гэта паняцце выклікае супрацьлеглыя і неадназначныя асацыяцыі. З аднаго боку, узгадваюцца жорсткія царкоўныя забароны і полымя інквізіцыі, а з другога – рыцарскія турніры і правансальская паэзія трубадураў. Можна шмат спрачацца наконт таго, наколькі "цёмныя" гэта былі часы ў гісторыі чалавецтва, але відавочна, што сярэднявечная культура, якая існавала на працягу цэлага тысячагоддзя (V-XV стст.), выклікае велізарную цікаўнасць у людзей XXI стагоддзя. Прычым, для сучаснікаў гэтая зацікаўленасць не абмяжоўваецца толькі тэарэтычным досведам – адбываюцца спробы аднаўлення тагачасных культурных традыцый. Дзеля гэтага ладзяцца разнастайныя сярэднявечныя фэсты, адкрываюцца рыцарскія клубы ды інш.

Развіццё музычнай культуры Вялікага княства Літоўскага, якое размяшчалася практычна ў цэнтры тагачаснай Еўропы, адбывалася ў непарыўнай сувязі з агульнаеўрапейскімі мастацкімі тэндэнцыямі.
На сённяшні дзень, першымі айчыннымі інструментальнымі калектывамі лічацца вялікакняскія капэлы Гедымінавічаў – Альдоны, Вітаўта і Ягайлы, з якіх і пачалося станаўленне прафесійнай музычнай культуры. Ансамбль Альдоны (Ганны) (1309/10-1339), дачкі вялікага князя Гедыміна і жонкі польскага караля Казімежа ІІІ Вялікага, з’яўляецца самай першай вядомай капэлай. З апісанняў польскага гісторыка Яна Длугаша (1415-1480) можна даведацца пра гэту вялікую князёўну, якая "Толькі забавам, танцам і весялосці была аддадзена, і настолькі, што куды б ні выязджала конна ці ў карэце, заўсёды наперадзе суправаджаў яе гурт спевакоў з арфамі, бубнамі, гуслямі, напяваючы песні і розныя мелодыі, што выклікала абурэнне многіх асоб…".
Вітаўт Вялікі падчас свайго панавання (1392-1430) усталяваў цесныя кантакты з прадстаўнікамі заходняй культуры, у прыватнасці з Тэўтонскім Ордэнам. У выніку гэтых сувязяў у ягонай капэле з’явіліся прафесійныя заходнія музыканты, а інструментарый значна папоўніўся перадавымі на той час заходнееўрапейскімі інструментамі. Існуюць звесткі аб тым, што ў 1408г. тэўтонцы падаравалі жонцы Вітаўта Ганне клавікорд (найстарэйшая згадка пра клавікорд у Еўропе!) і партатыў.
Значную ролю ў развіцці прафесійнага інструментальнага мастацтва беларускіх земляў эпохі Сярэднявечча адыграў і другі ўнук Гедыміна, кузэн Вітаўта – Ягайла (1386-1434), князь Крэўскі і Віцебскі, вялікі князь Літоўскі, а з 1385г. – кароль Польскі. Ягоная капэла была сфарміравана адпаведна тагачаснаму еўрапейскаму ўзору. У яе склад была ўключана значная частка прафесійных інструментаў, неабходная для выканання рэпертуару, характэрнага для еўрапейскай музычнай практыкі. Разам з тым, што ў рэпертуар капэлы ўключаліся і арыгінальныя творы мясцовых аўтараў, напісаныя па еўрапейскіх ўзорах (вакальна-інструментальныя творы Мікалая з Радомля ды інш.).
Традыцыі прафесійнага інструментальнага музіцыравання, закладзеныя ў капэлах Альдоны, Вітаўта і Ягайлы, прадоўжылі ў XVI ст. буйныя магнаты Вялікага княства Літоўскага (Сапегі, Астрожскія, Мікалай Радзівіл Чорны). Яны стваралі пры сваіх дварах высокапрафесійныя капэлы, дзе працавалі як замежныя, так і мясцовыя музыканты. Апрача таго, мецэнаты (каралі Жыгімонт ІІ Аўгуст (1548-1572), Жыгімонт ІІІ Ваза (1587-1632) запрасілі да сябе знаных пры еўрапейскіх дварах музыкантаў і кампазітараў: венгерскага лютніста і кампазітара Валянціна Грэфа Бакфарка (Bakfark, Bekwark 1506/07-1576), лютніста Дыямеда Като (Kato), ці Катона (Katon) або Ката (Kata) (1570 – пасля 1607), прускага кампазітара Сымона Берэнта (1585-1649).
Разам з тым, мясцовыя музыкі (Цыпрыян Базылік, Вацлаў з Шамотул, Крыштаф Клабан, Войцах Длугарай, Андрэй Рагачэўскі, Мікалай Гамулка, Ян Брант) па адукаванасці, прафесійнасці і таленавітасці не саступалі заходнееўрапейскім калегам. Яны папоўнілі скарбніцу агульнаеўрапейскай культуры эпохі Рэнесанса (XV-XVII стст.) творамі высокага мастацкага ўзроўню, якія сведчаць аб тым, што музычнае мастацтва Вялікага княства Літоўскага мела свае асаблівыя традыцыі і заканамернасці развіцця.
Тое пацвярджае і Ягелонскі (Астрамечаўскі) рукапіс або "Полацкі сшытак" – адзін з найбуйнейшых зборнікаў усходнееўрапейскага барока, які змяшчае як інструментальныя, так і вакальныя творы. У 1962г. ён быў выклеены беларускім вучоным Адамам Мальдзісам з вокладкі ўніяцкага малітоўніка, што захоўваўся ў Ягелонскай бібліятэцы (Кракаў). Згодна з першапачатковай назвай сшытка, пэўны час лічылася, што малітоўнік паходзіць з Полаччыны. Але польскі музыказнаўца Е.Голас высветліў берасцейскае (вёска Астрамечава) ўкладанне рукапісу. Змест сшытка складаюць танцы заходнееўрапейскага (бергамаска, павана, сарабанда) і славянскага (казачок, мазур) паходжання; інструментальныя ансамблі, буйныя сольныя творы (фантазіі, канцоны).
Вядомым помнікам кантавага мастацтва з’яўляецца зборнік "Куранты" (1733), які яднае чатыры сшыткі песень лірычнай тэматыкі. Назва зборніка, хутчэй за ўсё, абумоўлена менавіта тэматычнай скіраванасцю песень, бо курантамі ў XVIII стагоддзі называлі любоўныя песні і свецкія лірычныя канты, як звязаныя, так і не звязаныя з рытмікай старадаўняга танца куранта.
Яшчэ адным яркім прыкладам творчага пераўтварэння агульнаеўрапейскіх тэндэнцый ў музычным мастацтве Вялікага княства Літоўскага з’яўляецца "Віленскі сшытак" (1600) – зборнік свецкай побытавай песенна-танцавальнай музыкі. Творы, змешчаныя ў ім, па часе напісання (прыблізна канец XVI ст.) адносяцца да эпохі Рэнесанса і адпавядаюць тагачасным музычным жанрам, якія мелі агульнаеўрапейскае пашырэнне (рычэркары, такаты, разнастайныя тагачасныя танцы, апрацоўкі канцон і іншых вакальных твораў). Аўтарам некаторых з іх, а, магчыма, і ўсяго зборніка, быў Дыямед Като (Ката), прыдворны кампазітар і лютніст караля Жыгімонта Вазы. "Віленскі сшытак" дайшоў да нас у двух запісах – арганнай і лютневай табулатурах. Рукапіс захоўваецца ў віленскіх зборах.

У сучаснай музыцы зварот да Сярэднявечча выліўся ў фарміраванне асобнага напрамку – medieval music. На Беларусі адным з першых у гэтым стылі пачаў працаваць у 1992 годзе баранавіцкі гурт "Контрданс", які зараз вядомы пад назвай "Lituus". З гэтага часу на медыевальнай сцэне з’явілася даволі вялікая колькасць гуртоў. Але, уласна, аднаўленнем сярэднявечных музычных традыцый займаюцца толькі некалькі з іх – "Lituus", "Брэвіс", "Стары Ольса", "Ліцвінскі Хмель" і "Artes Liberales". Поруч з сярэднявечнай заходнееўрапейскай музыкай амаль што ўсе названыя гурты ўключаюць ў свой рэпертуар творы музычнай спадчыны Вялікага княства Літоўскага. І не дзіўна! Бо па сваім мастацкім узроўні яны не саступаюць лепшым еўрапейскім узорам тагачаснай музыкі. Ну а тое, што творы музычнага мастацтва Вялікага Княства, створаныя ў так званыя "цёмныя" сярэднявечныя часы, выконваюцца і карыстаюцца поспехам зараз, прайшоўшы выпрабаванне стагоддзямі, гаворыць само за сябе…

 

Дадаць каментар



Warning: fsockopen() [function.fsockopen]: unable to connect to 193.0.6.135:43 in /h/3forceinfo/htdocs/administrator/components/com_joomlastats/count.classes.php on line 1044

Warning: fsockopen() [function.fsockopen]: unable to connect to 200.3.14.10:43 in /h/3forceinfo/htdocs/administrator/components/com_joomlastats/count.classes.php on line 1044

Warning: fsockopen() [function.fsockopen]: unable to connect to 196.216.2.1:43 in /h/3forceinfo/htdocs/administrator/components/com_joomlastats/count.classes.php on line 1044