Свaбодa,  Вeрнасць,  Нeзалежнасць!

 The Charity Project (Noncommercial)

Сымбалі Беларусі Друк E-mail
Аўтар: Уладзімір Давыдоўскі   
30.05.2009 13:30

Генэтычны код любога народу ўключае ў сябе ня толькі гістарычную памяць, але і пэўную сыстэму сымбаляў. Знакавую сыстэму, якая зьяўляецца унівэрсальнай мовай нашых стасункаў са сьветам і сьвету з намі.
Паходжаньне сымбаляў, якія ідэнтыфікуюць народ, больш складанае. Разам з тым, яны ляканічна адлюстроўваюць уяўленьне народу аб сабе і аб кожным яго прадстаўніку. Напрыклад: я — леў, я — арол, я — вершнік...


Людзі абіраюць сымбалі, а надалей ужо сымбалі фармуюць людзей і супольнасьці. Сымбалі спрыяюць стварэньню народаў і... разбураюць іх. Дастаткова ўзгадаць эпоху бальшавізму і тыповага прадстаўніка таго часу,  які сьвядома ці падсьвядома атаясамліваў сябе зь сярпом ды молатам (працоўнай прыладай), а таксама адзіныя для ўсіх рэспублік чырвоныя сьцягі... Вынік — страта сумоў’я з уласнай зямлёй і сьветам ды шэраг нацыянальных трагедый.
Не ўпэўнены, што нас яднае і надае самапавагі наступны код: я — каласок жыта альбо кветка канюшыны ці ільну, гэтак жа як і павагі да нас іншых народаў, у сьвядомасьці якіх беларусы — канюшына.
Калі мы жадаем быць паўнавартасным народам,  паратунак — у асэнсаваньні шматвяковай гісторыі і вяртаньні да знакавай сыстэмы, якая стварыла нашую супольнасьць.


Герб "Пагоня"

Вытокі гербу "Пагоня" ў славянскіх народаў пачынаюцца зь язычніцкай міталёгіі і адносяцца да культу бога Сонца Ярылы, якога зазвычай уяўлялі ў выглядзе коньніка ў белай вопратцы. Сымбалем Ярылы зьяўляўся i шасьціканцовы крыж — "крыж Ярылы". Пасьля прыняцьця хрысьціянства сымболіка «Пагоні» стала часткай новай рэлігійнай сыстэмы. "Крыж Ярылы" — падобны на патрыяршы крыж, а самога коньніка пачалі атаясамліваць са сьвятым Юрыем. Такім чынам, «Пагоня» ўзьнікла на падставе абьяднаньня дзьвух элемэнтаў — уласна «Пагоні» (коньніка) i шасьціканцовага крыжа.
3 цягам часу ў Эўропе выявы коньніка пачалі замяняцца сымбалямі Рымскай імпэрыі (арол, леў). Але краіны, якія не апынуліся пад моцным уплывам Рыму, захавалі старую сымболіку. Асабліва выразна гэта прасочваецца на беларускіх землях, дзе хрысьціянства ўвабрала ў сябе вялікую колькасьць элемэнтаў язычніцкай рэлігіі.
Згодна гістарычным крыніцам, герб «Пагоня», як дзяржаўны сымбаль, быў прыняты  ў 1278 г. у пэрыяд станаўленьня Вялікага княства Літоўскага. Паводле Густынскага летапісу, гэта быў "рыцер збройны на коне зь мечем, еже ныне наричут ПОГОНЯ". У "Хроніцы Літоўскай i Жамойцкай" прыведзена наступная расшыфроўка гербу: "... а то знаменуючы через тот герб пана дорослого, хто бы мог оборонити отчизны свое". Гэткі ж герб выкарыстоўваўся да 1246 г. у Наваградзкім княстве, а пачынаючы ад князя Гердзеня (1263-1264 гг.) да Глеба (1330-1338 гг.), «Пагоня» была і сымбалем Полацкага княства.

Адным з галоўных атрыбутаў дзяржавы на той час была пячатка ўладароў. На ёй "Пагоня" ўпершыню зьяўляецца на "пячатцы Гедыміна" (1316-1341 гг.) і амаль дакладна паўтараецца на пячатцы Скіргайлы (1386-1392 гг.). Праўда, у адрозьненьні ад “Пагоні” 1278 г, вершнік трымае дзіду, а не меч. Выява "Пагоні" прысутнічае і на пячатцы Альгерда 1366 г..  На пячатцы Ягайлы вершнік ужо зь мячом. Адметна, што ў paннix (да 1387 г.) варыянтах гербу шчыт у вершніка адсутнічае, а сам ён павернуты то ў правы, то ў левы бок . Такая "Пагоня" — на раньніх пячатках Ягайлы, на пячатках удзельных князёў, а таксама на пенязях (дэнарыях) ВКЛ 1381-1385 гг.
Пачынаючы з 1387 г. на пячатках вялікага князя літоўскага i польскага караля Ягайлы "Пагоня" ўжо падобная да клясычнай — вершнік павернуты ў правы бок, у яго руках меч i шчыт з шасьціканцовым крыжам, а пад коньнікам — выява цмока.
У той час элемэнты дзяржаўнай сымболікі ВКЛ зьяўляюцца на польскіх манэтах, і паўстае абьяднаны герб Польшчы i Вялікага Княства — шчыт з падвойнымі выявамі "Белага Арла" i "Пагоні".
Пры Вітаўце Вялікім (1392-1430 гг.) герб ВКЛ захоўвае выяву "Пагоні" часін Ягайлы, але зь яго зьнікае выява цмока, які  быў часткай асабістага гербу Ягайлы. Гэты ж герб і пры Жыгімонце Кейстутавічы (1432-1440 гг.).
Падчас праўленьня вялікага князя Сьвідрыгайлы (1430-1432 гг.) канчаткова замацоўваецца  "Пагоня" зь мячом, якая накіраваная ў правы геральдычны бок. А вялікі князь літоўскі Ўладзіслаў III Ягайлавіч зацвярджае ў якасьці дзяржаўнага гербу ВКЛ ужо клясычную "Пагоню".
Пачынаючы з XV ст. у Еўропе ўсталёўваюцца каноны геральдыкі. Таму надалей выкарыстоўваецца клясычны варыянт “Пагоні”.  Мяняецца, бадай што толькі шчыт, на якім разьмешчана "Пагоня", але гэта абумоўлена найперш зьменамі накірункаў у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве: рэнесанс, барока, ракако...

У другой палове XVI ст. Вялікае княства Літоўскае пачынае страчваць свае значэньне як адна з уплывовых дзяржаў Усходняй Еўропы, але яго сымбалі застаюцца ранейшымі. І калі 1 ліпеня 1569 г. была заключана Люблінская ўнія i створаная Рэч Паспалітая (абьяднаная дзяржава ВКЛ i Каралеўства Польскага) на гербе новай краіны — выявы як "Белага Арла" так і "Пагоні".
Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай герб "Пагоня" застаецца часткай выявы некалькіх губэрнскіх гербаў і нават трапляе ў склад дзяржаўнага гербу Расіі. Разам з тым, становіцца сымбалем змаганьня за нацыянальную незалежнасьць. Яе выкарыстоўваюць паўстанцы Тадэвуша Касьцюшкі і Кастуся Каліноўскага.
У пачатку XX ст. разам з нацыянальным рухам зноў паўстае старадаўні герб. І тое, што ў 1918 г. эмблемай Беларускай Народнай Рэспублікі была абраная менавіта “Пагоня” выглядае лягічным і натуральным. Але бальшавікам такі сымбаль недаспадобы, і ў міжваенны час “Пагоня” працягвае існаваць на гербах Віленскага, Палескага, Падляскага і Навагародзкага ваяводзтваў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
Як у пачатку XX ст., так і напрыканцы яго “Пагоня” становіцца сымбалем нацыянальнага адраджэньня, а ў 1991-1995 гг. яе абіраюць афіцыйным гербам Рэспублікі Беларусь.


Бел-чырвона-белы сьцяг

У гістарычных крыніцах сьцяг нашай сярэднявечнай дзяржавы Вялікага княства Літоўскага ўпершыню згадваецца ў канцы XIV ст. у хроніцы Вігарда Марбурскага, дзе даецца апісаньне бітвы каля замку Байербург у 1337 г. Праўда, як выглядаў той сьцяг у хроніцы не пазначана. А вось стагодзьдзем пазьней у гісторыі Яна Длугаша аб Грунвальдзкай бітве 1410 г. ужо сказана, што вялікі князь Вітаўт прывёў з сабой 40 харугваў пад чырвонымі сьцягамі. На 30 зь іх у цэнтры быў белы вершнік, а яшчэ на 10 – калюмны Глябовічаў.
Пазьней на карціне XVI ст., прысьвечанай бітве пад Воршай, кавалерыя Вялікага Княства рушыць ужо пад сьцягамі Сьвятога Гяоргія (чырвоны крыж на белым палатне). Вядомая выява сьцягоў у карціне, прысьвечанай бітве пад Кірхольмам. Прыкладна ў той жа час выкарыстоўваецца і шляхецкі герб Котвіч.
Такім чынам, бясспрэчным зьяўляецца тое, што колерамі нашых старадаўніх сьцягоў былі белы і чырвоны з дамінантай аднаго альбо другога. Таму гістарычна абгрунтаваным выглядае і тое, што стваральнікі Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 г., абіраючы дзяржаўны сьцяг, аддалі перавагу менавіта гэтым колерам.
Паводле сьведкаў таго часу, папярэднікамі бел-чырвона-белага сьцягу былі стужкі і кукарды на шапках, якія  насілі студэнты-беларусы ў Санкт-Пецярбурзе ў 1909-1912 гг. Там жа, у Санкт-Пецярбурзе пасьля Лютаўскай рэвалюцыі быў распрацаваны і эскіз сьцягу БНР.  Яго аўтар  — інжынэр Клаўдзі Дуж-Душэўскі (нар. 1891 г., Глыбокае). Як узгадваў у 1934 г. Дуж–Душэўскі, “беларусы ўважалі сваім дзяржаўным сьцягам той, што і летувісы, г. зн. белую “Пагоню” на чырвоным полі, але нацыянальнага сьцягу не было. Мне давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сьцягу, і адзін зь іх быў прыняты, менавіта: бел-чырвона-белы. Ад таго часу гэты сьцяг і лічыцца за беларускі нацыянальны сьцяг”.
Ня менш важна і тое, што гэты бел-чырвона-белы сьцяг адпавядаў ня толькі нацыянальнай традыцыі, але і геральдычным прынцыпам пераносу колераў гістарычнага гербу “Пагоня”.
У 1918 г. бел-чырвона-белы сьцяг стаў сьцягам Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў  1920 г. пад ім выступілі ўдзельнікі Слуцкага паўстаньня.
З прыходам бальшавікоў бел-чырвона-белы сьцяг трапіў пад забарону. Але, як і герб “Пагоня”,  выкарыстоўваўся ў якасьці нацыянальнага сымбаля беларусамі, якія жылі на тэрыторыі Заходняй Беларусі, міжваенных Польшчы, Літвы, Латвіі, а таксама эмігрантамі.
У часе Другой сусьветнай вайны на акупаваных Германіяй беларускіх землях была створаная Генэральная акруга Беларусь (General Bezirk Weissrutenien) імпэрскага камісарыята Ўсходняй зямлі (Reichskomissariat Ostland). Сымбалем камісарыяту была выява германскага арла на вянку са свастыкай. Выкарыстаньне нацыянальных сымбаляў, як знакаў сувэрэнітэту, для непаўнавартасных народаў і абласьцей было забароненае нацыстамі. Аднак, нягледзячы на гэта, падчас масавых мерапрыемстваў беларусы неаднойчы выходзілі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, каб падкрэсьліць сваю нацыянальную адметнасьць.

Пасьля вайны бел-чырвона-белы сьцяг можна было пабачыць толькі ў колах эмігрантаў. Але перад распадам Савецкага Саюзу ў 1980-я ён зноў паўстаў сымбалем нацыянальнага адраджэньня Беларусі. А ў верасьні 1991 г. на другой пазачарговай сэсіі быў абраны дэпутатамі Вярхоўнага Савету дзяржаўным сьцягам сувэрэннай беларускай дзяржавы.
Зьмена ўлады ў 1994 г. ракавым чынам паўплывала і на палітычную сытуацыю ў краіне. У 1995 г. “Пагоня” і бел-чырвона-белы сьцяг страцілі статус дзяржаўных сымбаляў і трапілі пад негалосную забарону.  Але не страцілі свайго значэньня. Сёньня яны атаясамліваюцца з дэмакратычнымі сіламі, барацьбой за свабоду слова, правы чалавека і агульнаэўрапейскія каштоўнасьці.

_______________________

* Пры напісаньні артыкулу выкарыстаныя матэрыялы сярэднявечных дакумэнтаў, кніг XIX-XX стст. ды публікацыі сучасных аўтараў.

 

Каментары 

 
#1 ragvalod 2009-08-11 23:23 Вось пра калюмну падрабязьней бы. Цытаваць
 

Дадаць каментар