Том выбраных вершаў лаўрэата Нобэлеўскай прэміі Чэслава Мілаша "Іншага канца сьвету ня будзе" – першая паэтычная кніга паэта, выдадзеная на беларускай мове. Прычым, выйшла яна ва Ўроцлаве. Дзіўна. Хаця б таму, што нарадзіўся нобэлеўскі лаўрэат у Шатэйнях на беларускай Віленшчыне, скончыў віленскую гімназію імя Зыгмунда Аўгуста, а потым юрыдычны факультэт унівэрсытэту імя Стэфана Баторыя. Праўда, надалей, з 1937 году, Мілаш зьвязвае сваё жыцьцё з Варшавай. Па заканчэньні вайны, служыць аташэ польскай амбасады ў Нью-Ёрку ды Парыжы. Пасьля прыходу да ўлады камуністаў і з прычыны непрыняцьця іх ідэалёгіі, атрымоўвае палітычны прытулак у Францыі. Праз 9 гадоў перасяляецца ў ЗША, дзе працуе прафэсарам аддзяленьня славянскіх моваў Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Берклі. Памёр Чэслаў Мілаш ва ўзросьце 93 гадоў у Кракаве, дзе і пахаваны.
Мілаш лічыцца адным з найвялікшых польскіх паэтаў, а па меркаваньні савецкага паэта-эмігранта Іосіфа Бродзкага, "гэта, мабыць, самы вялікі паэт нашага часу". Аднак прызнаньне Мілашу прынесьлі найперш празаічныя творы ды пераклады. І не толькі прызнаньне, але і ўзнагароды. У 1953 годзе за раман "Захоп улады" Мілаш атрымоўвае Эўрапейскую літаратурную прэмію. Далей – літаратурную прэмію Марыяна Кістэра (1967), прэмію фонду Южыкоўскага за творчыя дасягненьні (1968), прэміі польскага ПЭН-клуба ў Варшаве за паэтычны пераклад, Нойштадскую міжнародную літаратурную прэмію (1978), Гугунхеймскія стыпэндыі (1974), ганаровую ступень доктара Мічыганскага ўнівэрсытэту, і ў рэшце рэшт – Ордэн Белага Арла. Галоўная міжнародная ўзнагарода – Нобэлеўская прэмія па літаратуры, была прысуджаная Мілашу ў 1980 годзе, як пісьменьніку, "які з бясстрашнай празорлівасьцю паказаў неабароненасьць чалавека ў сьвеце, што раздзіраецца канфліктамі". Паводле ж прамовы чальца Шведзкай акадэміі Лары Юленстэна, "сьвет, адлюстраваны Мілашам – гэта сьвет, у якім жыве чалавек пасьля выгнаньня з раю". Таму хай вас не здзіўляе і змрачнаватая назва кнігі – "Іншага канца сьвету ня будзе". Кніга цікавая яшчэ і з пункту погляду ацэнкі працы перакладчыкаў, бо паралельна з беларускай вэрсіяй твораў прысутнічаюць арыгіналы. А ў якасьці пастскрыптума – "POST SCRIPTUM" Чэслава Мілаша, які, дарэчы, напісаны на Віленшчыне:
Біяграфія – тое самае, што выдумка альбо вялікі сон. На ўскрайку неба паміж бярозаў стос аблокаў адно на адным. Жоўтыя, іржавыя вінаграднікі падвячоркам. Быў нядоўга слугой і вандроўнікам. Адпусьцілі мяне, і вяртаюся незнаёмай дарогай. |