|
"Царскай трызна" – адна з апошніх кніг, выдадзеных праграмнай радай беластоцкага тыднёвіка "Ніва". Яе аўтар – журналістка "Нівы" Ганна Кандрацюк-Свярубская. Аповеды, сабраныя ў кнізе, чытаюцца лёгка, але пакідаюць у душы сум. Сум па тым, што адыходзіць, што прамінае, што, спяшаючыся паспець за поступам цывілізацыі, губляем назаўсёды. Беларуская падляшская вёска з яе жыхарамі, якія лічаць сябе праваслаўнымі і ў сэрцах хаваюць язычніцтва... Сапраўднае адлюстраванне гэтай вёскі, яе жыхароў, іх вераванняў і забабонаў...
Кніга насамрэч пра смерць, пра паміранне. Чаму яна атрымала назву "Царская трызна" патлумачыла сама аўтарка – Ганна Кандрацюк: "З язычніцкіх часоў існаваў пахавальны абрад – Трызна, своеасаблівае ігрышча вакол смерці, якую спрабавалі абтанцаваць, асвоіць, каб далей жыць на аптымістычнай ноце. Тут трызна царская. Царская, бо гэты прыметнік ва ўяўленні нашых людзей атаясамліваецца з шыкоўнасцю, квяцістасцю..."
Смерць, трызненне з’яўляецца асноўнай тэмай усіх апавяданняў. Людзі пушчанскага краю нібы цывілізаваны этнас, якому тым не менш не бракуе і першабытнасці. Паходзячы з вёсак, ад зямлі, ад лесу, яны толькі там чэрпаюць сілы і энергію. Рэдакцыйная сяброўка Ганны Міра Лукша, распавядаючы пра зборнік, зазначыла, што кожны чалавек, які выйшаў з вёскі, заўсёды памятае пра сваё паходжанне і смокча жыццё менавіта адтуль, са сваёй малой забытай, закінутай, але роднай вёскі, са сваёй зямлі, са свайго лесу. "Мы ведаем, – кажа Міра, – што, калі б засталіся там, мелі б такі самы лёс. Але мы нясем гэты лёс у сабе. Нашы вёскі адміраюць, нашы людзі спрабуюць жыць марамі, якія больш падобныя на тое, што яны бачаць у тэлевізары. Таму, калі бярэш гэтую кніжку і чытаеш, робіцца сумна, бо мы паміраем разам. Мы чапляемся за жыццё як за карэнне пушчанскіх дрэваў, хочам цягнуць сокі з гэтай зямлі, але самі яе прадаём, ёй здраджваем". Падзеі, апісаныя ў апавяданнях, адбываюцца ў нейкай мясціне "Н". Але замест гэтай літаркі можна ўставіць назву кожнай падляшскай вёскі, ды і не толькі падляшскай. Пасуе гэта і да вёсак на Берасцейшчыне, на Гарадзеншчыне, ды і на ўсёй Беларусі, бо тое, пра што апавядаецца ў кнізе, адбываецца, на жаль, усюды, дзе жывуць беларусы. У некаторых месцах гэта праяўляецца мацней, у некаторых – слабей, але тое, што гэтае паміранне прысутнічае – няма сумніву. Гутарка з рэдактарам кнігі Яўгенам Вапам таксама пацвердзіла, што працэс, апісаны ў кнізе, вельмі сумны і, на жаль, беспаваротны: "Гэта свет апошняга дыхання сялянскай культуры і каштоўнасцяў гэтай культуры, якая ў сутыкненні з дэмаграфічным крызісам, паміраннем нашай меншасці стварае настрой ад якога дрыжыкі па спіне ідуць. Гэта – распад традыцыйнай патрыярхальнай сялянскай стыхійнасці вёскі, якая была апірышчам беларускай нацыянальнасці. Свет, які апісвае Ганна Кандрацюк, гэта свет ужо адышоўшы, свет памінак, апошніх галасоў і стогнаў яго людзей. Гэта іхнія мары, найчасцей пройгрышы, і чаканне аднаго – выгоднай смерці. Кніжка брутальная, але вельмі чалавечая. Для беларусаў Беласточчыны гэтая кніга – праўда пра нас. Праўда, ад якой мы ўцякаем, якую не хочам бачыць". Кніга, прачытаная нагбом за адзін вечар, яшчэ неаднойчы з’явіцца на маёй прыложкавай тумбачцы, каб у хвіліны эйфарыі і празмернага лётання ў аблоках хуценька апусціць мяне на зямлю, прыгадаць тое, што губляем, што ўжо страцілі, змусіць задумацца над заўтрашнім днём, памятаючы пра дзень учорашні, бо без мінулага няма будучыні.
|