У канцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя беларуская эміграцыя ЗША і Канады аказала вялікую паслугу, ці кажучы эканамічнай тэрміналёгіяй, зрабіла значныя інвэстыцыі ў сучасную беларускую культуру мэтраполіі. У 1989 годзе ў выдавецтве Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва (Нью Ёрк) пабачыла сьвет першая беларуская рок-энцыкляпэдыя "Праз рок-прызму". Аўтары кнігі – вядомыя журналісты, пачынальнікі нацыянальнай плыні рок-крытыкі ў Беларусі Вітаўт Мартыненка і Анатоль Мяльгуй – прайшлі ня мала шляхоў і зрабілі шмат спробаў выдаць гэтую кнігу на Радзіме. Але ў той час ажыцьцявіць такое выданьне ў Беларусі не было магчымасьцяў… І толькі дзякуючы шчырай дапамозе і ахвяраваньням такіх вядомых дзеячаў беларускай эміграцыі, як Кастусь Акула, Янка Запруднік, Адам Акуліч, Павел Янкоўскі, аўтаркі ўступнага артыкулу Паўліны Сурвіллы і іншых, кніга "Праз рок-прызму" стала набыткам маладых беларусаў з розных краінаў сьвету. Гэтаму спрыяла слушнае рашэньне выдаўцоў зарэгістраваць выданьне ў Бібліятэцы Кангрэсу ЗША (Library of Congress Catalog Cards Number 89-62683). У Беларусі, якая цягам часу набыла незалежнасьць, кніга "Праз рок-прызму" заставалася асноўнай крыніцай зьвестак пра найбольш цікавыя плыні ў беларускай рок-музыцы, ейныя самыя ўплывовыя гурты і постаці. І цяперака многія маладыя беларусы прызнаюцца, што гэтая кніга сталася для іх сваеасаблівым падручнікам і гідам у музычным сьвеце. У Беларусі, некаторых эўрапейскіх краінах (Польшчы, Чэхіі) і ЗША "Праз рок-прызму" атрымала досыць станоўчыя водгукі ня толькі чытачоў, але і адмыслоўцаў. Урыўкі з кнігі перадрукоўваліся маладзёвымі пэрыядычнымі выданьнямі, а згадка пра кнігу-эмігрантку, дзякуючы руплівай салідарнасьці знанага беларусазнаўцы, прафэсара Адама Мальдзіса, трапіла ў аналы дзяржаўнай "Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі" (т.1, ст.434). Безумоўна, посьпех і ўплыў гэтага выданьня ня мог не натхніць аўтараў на працяг працы ў галіне музычнай крытыкі. Увесь гэты час Вітаўт і Анатоль выступалі ў беларускіх і замежных выданьнях з матар’яламі, прысьвечанымі айчыннай рок-музыцы і, шырэй, сучаснай беларускай культуры. Жанрава іх творчасьць была прадстаўлена аналітычнымі артыкуламі, эсэ, інтэрв’ю, рэцэнзіямі… Колькасьці рэцэнзіяў аказалася дастаткова, каб скласьці новую кнігу пра беларускі рок. Так Вітаўт Мартыненка і Анатоль Мяльгуй задумалі, а пасьля ажыцьцявілі працяг справы, распачатай кнігай "Праз рок-прызму": пры чыннай дапамозе прадусэра Віталя Супрановіча (ён, дарэчы, прызнаецца, што з захапленьнем чытаў менавіта "Праз рок-прызму") яны падрыхтавалі і выдалі новую беларускую рок-энцыкляпэдыю "222 альбомы беларускага року і ня толькі…" І вось-жа самае заўважнае адрозьненьне ад першага выданьня: цяперака новыя кнігі аналягічнага зьместу ўжо выдаюцца на сродкі беларускіх дабрадзеяў айчыннымі прадусэрамі. Другое, аўтары вырашылі абмежаваць сябе толькі рэцэнзіямі на беларускамоўныя выданьні, якія пабачылі сьвет як у Беларусі, так і за яе межамі. Што-ж тычыцца структуры, то першая кніга В. Мартыненкі і А. Мяльгуя была падпарадкаваная дэвізу "Слухаць і разумець" і пабудаваная па прынцыпу "ад простага да складанага", а значыць, мела ў некаторай ступені і дыдактычныя мэты. Айчынным выканаўцам у ёй быў адведзены адзін (хоць і найбуйнейшы раздзел – "Беларусь"). Тагачасная сытуацыя ў краіне вымагала менавіта такіх падыходаў. Новая кніга В. Мартыненкі і А. Мяльгуя "222 альбомы беларускага року і ня толькі…" таксама энцыкляпэдычнага зьместу ў поўным сэньсе гэтага вызначэньня і прысьвечаная, у асноўным, беларускай музычнай тэматыцы. На яе старонках чытач можа знайсьці зьвесткі ці не пра ўсе больш-менш значныя айчынныя аўдыё-выданьні паводле строгіх крытэраў: сэрыйныя дыскі, легальныя ў Беларусі ліцэнзійныя выданьні, супольныя праекты. На старонках новай музычнай энцыкляпэдыі сабраныя рэцэнзіі на шматлікія (хоць далёка ня ўсе!) дыскі з нацыянальным фальклёрам і фольк-мадэрнам, на альбомы з беларускай рок-музыкай, водгукі на дыскі бардаў і выканаўцаў сярэднявечнай музыкі. Аўтары ўжо не даказваюць бясспрэчныя ісьціны, а імкнуцца данесьці да чытачоў слушнасьць таго, што рок-музыка, як і іншыя сучасныя музычныя напрамкі (рэканструкцыя гістарычных сьпеваў і мэлёдыяў, бардаўская песьня, рэп…), спрыяюць захаваньню роднай мовы. Гэта адбываецца праз выданьне і распаўсюджваньне беларускамоўных твораў. Але каб патэнцыяльныя слухачы беларускамоўных альбомаў не згубіліся ў моры інфармацыі, ім прапануецца спачатку пазнаёміцца з тым ці іншым дыскамі ці сэрыйнымі выданьнямі паводле рэцэнзіяў В. Мартыненкі і А. Мяльгуя. На пераемнасьць зьместу гэтых кнігаў працуе і тое, што і "222 альбомы беларускаго року…" нясуць чытачам і аматарам беларускай рок-музыкі шмат дадатковых зьвестак. Напрыклад, звязаных з сацыяльнымі асьпэктамі зьяўленьня таго ці іншага фанаграфічнага артэфакта, з датамі народзінаў многіх беларускіх музыкаў, з віртуальнай прасторай інтэрнэту, у якой, таксама, сёньня жыве беларуская рок-музыка… Аўтары засвоілі ўрок, які далі ім дзеячы беларускай эміграцыі падчас падрыхтоўкі кнігі "Праз рок-прызму": мова кнігі, якая прэтэндуе на адлюстраваньне нацыянальнага кантэксту, павінна быць сапраўды беларускай – г. з. "тарашкевіцай", якой усе гады пасьлядоўна прытрымліваецца беларуская эміграцыя. Цікава, што няпростыя для чытачоў ў Беларусі "моўныя акалічнасьці" не аддалілі іх, а, наадварот, наблізілі да кнігі. Пра гэта аўтары даведваюцца падчас шматлікіх прэзэнтацыяў, якія ладзяцца ў Беларусі ў падтрымку новай рок-энцыкляпэдыі. Акрамя гэтага, у кнізе ёсьць рэцэнзіі на дыскі, зьмест якіх павінен засяродзіць увагу кожнага сьвядомага беларуса. Так, як у кнізе "Праз рок-прызму" адным з самых яскравых, важных у сэнсе гістарычнай праўды, стаў артыкул, у якім зь першых вуснаў распавядалася праўдзівая гісторыя знаходкі "Полацкага сшытка" – аднаго з унікальных музычных помнікаў сьвецкай (цяпер-бы сказалі – папулярнай) музыкі Беларусі мінулых стагодзьдзяў. У новай кнізе чытач, упэўнены, зверне ўвагу на рэцэнзію да дыска з прамовамі Васіля Быкава на Радыё Свабода. Здавалася, імя славутага пісьменьнка не стасуецца са зьместам згаданай кнігі. Але гэта толькі павярхоўны погляд. Бо пасьля прачытанага ў кнізе ўзьнікае жаданьне ня толькі захапляцца сучаснымі рытмамі, але і асэнсаваць тую глыбінную філязофскую спадчыну, якую пакінуў нам Васіль Быкаў. Да таго-ж, як распавядаў адзін з аўтараў "222 альбомаў…" Анатоль Мяльгуй у інтэрвію для менскага "Аўта Радыё", Васіль Быкаў у час стварэньня першага ў Беларусі рок-клубу "Няміга" асабіста заклікаў маладых беларускіх рокераў спадзявацца найперш на свае маладыя сілы, самім шукаць выйсьце са складаных сытуацыяў, ствараць сучасную музыку, абапіраючыся на здабыткі беларускай культуры мінулага.
|