Свaбодa,  Вeрнасць,  Нeзалежнасць!

 The Charity Project (Noncommercial)

Terra Incognita Друк E-mail
Аўтар: Лукаш Стэпанюк   
15.04.2009 18:58

altБеларускамоўная музыка Падляшша ахоплівае сёння амаль усе сучасныя накірункі, але надалей размова пойдзе выключна пра тых музыкантаў, якія граюць не для таго, каб пацешыць публіку альбо зарабіць грошы, а шчыра хочуць данесці да іншых свае адчуванні і маюць унутранаю патрэбу ствараць музыку. Менавіта так працуюць беларускамоўныя рок-гурты "Zero-85", "Гоман", "Rima", так працавалі і тыя, што былі раней – "Кардон", "R.F. braha", "Вядро".

Падляшскія гурты вядомыя сёння ва ўсёй Польшчы. Іх запрашаюць на вялікія канцэрты ў Варшаву, Кракаў, Познань. Адзін з іх – гурт "Zero-85" – вядомы і ў Беларусі. А калі нехта не чуў іх песень, то, пэўна, бачыў музыкантаў з "Уліса" ці "Zet", апранутых у майкі з надпісам "Zero-85". Лідэр гурта, Юрка Асіннік, бадай самая заўважная постаць на рок-сцэне. Ён не стварае музыку для забавы. А праз тэксты сваіх песень імкнецца данесці да слухача нешта важнае: свае адчуванні, палітычныя погляды. Спявае пра сацыяльныя праблемы беларусаў у Польшчы і пра тое як жывуць беларусы ў Беларусі. І перадусім музыка гурта "Zero-85" – жорсткая, нефарматная, незвычайная. У іх песнях няма стандартнай пабудовы – куплет-прыпеў-куплет-прыпеў. Ім уласцівыя нечаканыя змены рытму, змены мелодыкі. Ды й песня можа доўжыцца не тры-чатыры, а восем хвілінаў.
Не менш вядомы і гурт "Rima". Ён выступае амаль на ўсіх буйных польскіх рок-фестывалях, яго запрашаюць на розныя музычныя агляды. Цікава, што гэты гурт паўстаў у 2000 годзе ў Дзень закаханых, але дагэтуль не мае ніводнай песні пра каханне. Гурт "Rima" адметны і высокім тэхнічным узроўнем валодання музычнымі інструментамі. За сем гадоў існавання запісаў два дыска і зараз працуе над трэцім.
Ілона Карпюк – вядомая ў Падляшшы як Ілё, як вакалістка рок-гурта "5set5" і як лідэр былога гурта "Гоман". Яна стварыла ўласны музычны праект "Ілётронік", а супольна з музыкамі гурта "Rima" – бардаўскі. Але галоўны праект Ілоны ўсё ж гурт "5set5" з Гарадка.
Паспяхова працуе на музычнай ніве і вядомы калісьці ў Беларусі Яўген Шэмет. Перабраўшыся ў Польшчу, ён жыве цяпер ў Беластоку і стварае музыку, якую найхутчэй можна назваць папсой. Шэмет вельмі актыўна праяўляе сябе як музыкант і як арганізатар. Ён – кіраўнік народных ансамбляў на Падляшшы, стварае музыку са сваім сынам, піша дзіцячую беларускамоўную музыку. Апрача таго мае свой гурт, які называецца "Лідэр", разам з ім выступае на вяселлях ды беларускіх фэстах.
Мае Падляшша і сваю музычную гісторыю. І нават гурт, які па значнасці можна параўнаць з "Песнярамі". Называўся ён "Дубіны" – гэтак жа як і мясцовасць пад гарадком Гайнаўка. Існаваў ў 80-я гады, і менавіта ад гэтага гурта пачалася ўся беларуская поп-музычная культура ў Польшчы. А потым пачалі паўставаць іншыя. Такія як гурт "The Shadows", які пасля назваўся "R.F. braha", ды гурт "Кардон". Цікава, што ўдзельнікі "Кардону" нават не мелі адмысловых ведаў пра музыку. Тым не менш, лідэр гурта Крыштафор Сяськевіч пісаў найвыдатнейшыя тэксты і мог у двух словах перадаць сэнс таго, пра што спявае. Простай была і іх музыка – модны напачатку 90-х панк-рок.
Зараз у Польшчы квітнее так званы капіталізм. І калі музыкант хоча зарабляць грошы, то мусіць ствараць музыку, якую слухаюць ды купляюць. Таму беларускамоўная музыка на Падляшшы выяўляецца не толькі ў рок-сферы і найноўшых тэхна-накірунках. Ёсць гурты, якія ствараюць менш амбітную музыку і выступаюць на вяселлях ды адкрытых пляцоўках, дзе не так важна, што грае, абы грала і было па-беларуску. Але зазвычай гэтая музыка невысокага ўзроўню і з’яўляецца пры нагодзе.
Вартае ўвагі і тое, што слухачы беларускамоўнай музыкі ў Польшчы – гэта перадусім свядомыя беларусы, якія жывуць на Падляшшы. У 2002 годзе быў зроблены нацыянальны спіс Польшчы. Выявілася, што на Падляшшы свядомых беларусаў, якія зазначылі, што яны беларусы, – 50 тысяч. А моладзі, якая слухае беларускамоўную музыку, думаю, больш за тысячу. Аднак пабачыць яе разам можна толькі на фестывалях "Басовішча" ды "Бардаўская восень".

 

Дадаць каментар