Свaбодa,  Вeрнасць,  Нeзалежнасць!

 The Charity Project (Noncommercial)

Драма беларускай Атлянтыды Друк E-mail
Аўтар: Анатоль Мяльгуй   
12.06.2010 10:21

 


Гурт "Ліцьвіны"
Этнамузыколагі небеспадстаўна сьцьвярджаюць, што ў многіх краінах Эўропы традыцыйны фальклёр знаходзіцца на мяжы зьнікненьня. Гэтая культуралягічная катастрофа тлумачацца працэсамі глябалізацыі, зьмяненьнем традыцыйнага ўкладу жыцьця вясковых жыхароў, які ўсё больш становіцца ў залежнасьць ад урбаністычных працэсаў сучаснасьці.


Разумеючы сваю адказнасьць перад гісторыяй і культурай сваіх народаў, урады многіх эўрапейскіх краінаў шмат робяць, каб адрадзіць фальклёр у яго аўтэнтычным выглядзе і ў натуральным асяродьдзі. Дзеля гэтага засноўваюцца дзяржаўныя праграмы падтрымкі аўтэнтычнага фальклёру і адпаведнага ладу жыцьця яго носьбітаў – сельскіх жыхароў, ствараюцца няўрадавыя спецыялізаваныя фонды для арганізацыі дасьледваньняў, эксьпэдыцый і фіксаваньня іхніх вынікаў.

У нашай краіне справа падтрымкі традыцыйнага фальклёру знаходзіцца ў вельмі нетыповым для Эўропы стане. Па-першае, дзяржава амаль не клапоціцца пра захаваньне нацыянальных музычных і песенных скарбаў. Чыноўнікі гэта тлумачаць крызысным станам эканомікі, а таксама больш пільнымі патрэбамі самой дзяржавы. Такая “стратэгія” вядзе да таго, што сапраўдны фальклёр у нашай краіне альбо незваротна зьнікае разам  са сваімі носьбітамі, альбо транфармуецца ў сваю супрацьлегласьць, кшталту:

Слышу шагі там раздаюцца,
Наверна мілый мой ідёт.
Но он савсем другую, другую
Девушку ведет...
Вазьму наган
У свае я рукі.
Пайду ў садочак я гуляць.
А там в зялёненькам садочку
закончу сваю я любоў.
(З CD “Вясковая лірыка”)

Зразумела, што такая “народная творчасьць” забівае сьпеўную душу народа, стварае падставы для падмены фальклора з яго паэтыкай і сакральнасцю квазі-варыянтам, які ўжо апанаваў многіх вясковых самадзейных выканаўцаў і стаў візітоўкай дзяржаўных “Дажынак” і “Славянкага базара”.


Гурт "UNIA"
Разумеючы згубнасьць такой сытуацыі, шматлікія беларускія незалежныя музыкі спрабуюць узяць на сябе адказнасьць за захаваньне нацыянальнага фальклёру ў сучасных умовах. Тым больш, што ў найноўшай гісторыі Беларусі быў прэцэдэнт, калі прафэсыйныя выканаўцы ажыцьцявілі сапраўдную рэвалюцыю ў адносінах да нацыянальнага фальклёру. Маю на ўвазе легендарных “Песьняроў”, якія ў пачатку сваёй творчай кар’еры сваімі апрацоўкамі нацыянальнага фальклёру зрабілі неацэнны ўнёсак у справу пулярызацыі і захаваньня сьпеўнай творчасьці нашага народа. Гэта было архіскладана, бо ствараць новую сытуацыю ў адносінах да нацыянальнага фальклёру “Песьнярам” давялося ў асяроддзі саветызаванага і русіфікаванага гарадзкога насельніцтва БССР. Але вынікі іх музычных экспэрыментаў былі такія значныя, што беларуская народная песьня ў аранжыроўках У. Мулявіна стала агульнапрызнанай і ўзорнай ў адносінах да фальклёрнай спадчыны. Мо таму і да сёньня “Песняры” лічацца пачынальнікамі цэлага напрамку ў беларускай сучаснай музыцы – фолк-року ці па актуальнай тэрміналёгіі фолк-мадэрну.

“Песняроўскія” фальклёрныя традыцыі таленавіта працягваюць у сваёй творчасьці фолк-мадэрн-гурты старэйшай гэнэрацыі – “Палац”, “UR’IA”, “Kriwi”, “WZ-orkiestra”, “Pete Paff”, “OSIMIRA”, дуэт Аляксандра і Канстанцін, якія сталі для беларускіх слухачоў ўзорамі ў творчым падыходзе да беларускага фальклёру. Да таго ж, нельга не браць да ўвагі ўклад у беларускую фолк-скарбонку і такога гурта этнічнага кірунку, як “Этна-Трыо “Троіца”, у музыцы якога гарманічна спалучаюцца беларускія народныя мелодыі і стылістка world-music з элементамі музычнай культуры і інструмэнтарыя іншых народаў.
І тут можна казаць, што напрацоўкі вядучых фолк-мадэрн-калектываў становяцца крыніцай натхненьня для пошукаў маладых выканаўцаў. Упэўнены, што беларускія слухачы ў хуткім часе пачуюць імёны выканаўцаў і назвы гуртоў “AKANA-NHS”, “Дзівасіл”, “Гаротніца”. Чаму ж беларускія выканаўцы ўвесь час зьвяртаюцца да нацыянальнага фальклёру? Можа таму, што выконваць апрацоўкі народных песень – справа модная, выгадная: тут табе і запрашэньні на фестывалі, і выступы на тэлебачаньні, і нават на “Славянскім базары”? Але беларускія рок-музыканты маюць свой погляд на згаданую праблематыку. Напрыклад, лідэр фолк-рок-гурта “OSIMIRA” Андрэй Палаўчэня, які ў адным з інтэрв’ю сьцвярджае: “Мода тут не прычым. Мы сур’ёзна вывучаем беларускую культуру, архаічныя музычныя пласты, старажытныя музычныя інструменты, што дапамагае нам разбудзіць наш нацыянальны музычны генатып”.


Гурт "Бан-Жвірба"
Зрэшты і ўвесь беларускі рок-рух творча сілкуецца з народных мелядычных крыніц, і, наадварот, дадае да фальклёрных здабыткаў мінулага свае музычныя фарбы. Гэта дае музыкам права называцца рухам, які стварае нацыянальны фальклёр сучаснасьці. Мо таму з такой удзячнасьцю ўспамінае пра народных творцаў лідэр pagan-metal-гурта “Znich” Алесь Таболіч: “Наш новы альбом “Запаветы апошняга старца” – напамін продкаў нам, сучаснаму ўрбанізаванаму пакаленьню, пра тыя скарбы, што мы атрымалі ад нашых прашчураў, пра культуру, якую яны пакінулі нам... Гэты альбом прысьвечаны, перш за ўсё, вяскоўцам – носьбітам культурных традыцыяў беларусаў, якія захоўваюць народную песьню.” (“Голас Радзімы”, №34-37, 16.09.2004). Такой думкі прытрымліваюцца і іншыя рок-гурты, якія ў сваёй творчасьці арыентуюцца на фальклёрныя крыніцы. А гэта выканаўцы з гуртоў “Бан-Жвірба”, “UNIA”, “Джамбібум” і іншых.

Разумеючы крытычны стан нацыянальнага фальклёру, яго ўплыў на фармаваньне нацыянальнага музычнага генатыпу, некаторыя беларускія музыкі імкнуцца нешта зрабіць для яго захаваньня, папулярызацыі нашай музычнай спадчыны. Першым крокам ў гэтай справе можа лічыцца арганізацыя і ўдзел у фальклёрных экспэдыцыях.
Вось што распавядае пра магчымасьці прыватна арганізоўваць экспэдыцыі адзін з ветэранаў айчыннага фолк-руху, лідэр гурта “UR’IA” Юры Выдронак: “Сапраўды, раней мне часта даводзілася бываць у фальклёрных экспэдыцыях, фіксаваць вельмі старажытны архаічны матэрыял. Зараз на гэта банальна не хапае сродкаў. У мяне ёсьць дастаткова якасная запісваючая апаратура, набыта прафэсыйная відэакамэра, але няма транспарту, дзеля таго каб дабрацца да самых аддаленых беларускіх вёсак. Я ведаю, што ня толькі я, але і шмат іншых энтузіястаў зьдзяйсьняюць экспэдыцыйныя паездкі, але гэта фрагментарная работа. А патрэбны комплексны падыход. У свой час мы выдалі на магнітафонных касэтах і на CD двайны альбом з аўтэнтычнымі запісамі “Каляды. Рожство. Шчодрэц”, хоць плянавалі выдаць дванаццаць такіх кружэлак...”
У такіх экспэдыцыях ў свой час даволі доўгі час удзельнічалі лідэр этна-трыо “Троіца” Іван Кірчук, а таксама кіраўнік гурта “Ліцьвіны” Уладзімір Бербераў, лідэр гурта “Znich” Алесь Таболіч, удзельнікі студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Акрамя згаданага шчадроўскага альбому “UR’IA”, экспэдыцыйны альбом ёсьць у дыскаграфіі Івана Кірчука, які названы ім “Спадчына загінуўшых вёсак”... Але большасьць запісаў, здабытых энтузіястамі падчас вандровак па самых аддаленых мясьцінах Беларусі, яшчэ чакае сваіх навуковых рэдактараў і руплівых выдаўцоў.


Юрась Выдронак
Адна з тэндэнцыяў апошняга часу ў айчынным фолк-руху – спробы вяртаньня айчыннаму фальклёру яго сакральнай сутнасьці. Калі прасьцей, то зараз многія беларускія выканаўцы фолку не супраць і самі стаць ініцыятарамі адраджэньня нацыянальных традыцый у спракавечных умовах яго бытаваньня. І не толькі ў атачэньні шэдэўраў Беларускага музея народнай архітэктуры і побыту, як гэта практыкуюць удзельнікі фолк-гуртоў “GUDA” і “Ліцьвіны”, але і самі становяцца ўдзельнікамі народных фальклёрных сьвятаў. Вось напрыклад, гурт “UR’IA” і ягоны кіраўнік Юрась Выдронак ужо некалькі гадоў запар удзельнічае ў традыцыйным вяснавым абрадзе Юр’я, які адбываецца ў палявых ўмовах ля адной з вёсак Любанскага раёну.

Музыкі і самі не супраць ставарыць прэцэдэнт сакральнага сьвята, нават у гарадзкіх умовах. Апошнім праектам Юрыя і ягоных калегаў сталі “Таўкачыкі” на Дзяды альбо Halloween па-беларуску”. Разынкай сьвята стала запрашэньне народных сьпявачак з гурту “Глыбокія крыніцы” вёскі Закальное Любанскага раёну Мінскай вобласці. Народныя пявуньні выканалі на сцэне тэатра імя Янкі Купалы абрад Дзяды у такім выглядзе, як гэта рабілі нашыя продкі на працягу соцен гадоў. Адбывалася гэта ў рэчышчы старажытнай абраднасьці: са сьпевамі, малітвамі да Дзядоў і адпаведным сьвяту антуражам. Але ня толькі аўтэнтычныя выканаўцы запрашаюцца да ўделу ў такім сьвяце. У ім удзельнічаюць і іншыя фолк-выканаўцы – вядомыя гурты “Альтанка”, “Дзівасіл”, “Нагуаль”. Міжнародны статус Дзядоў ад гурта “UR’IA” гэтым разам падтрымалі сваімі “задушнымі” мэлёдыямі польскія выканаўцы з “Zespola polskiego” -- зоркі польскай фолк-сцэны пад кіраўніцтвам знакамітай выканаўцы і педагога Марыі Памяноўскай (Maria Pomianowska). І гэта добрая традыцыя правядзеньня музычных імпрэзаў фолк-фэсту “Таўкачыкі”.

Падводзячы вынікі гэтага невялікага агляду, мушу заўважыць, што часьцяком спецыялісты, крытыкі і шматлікія аматары сьпеўнай спадчыны нашага народу задаюць пытаньне: што выратуе беларускі фальклёр ад крызысу – супэр-сучасныя апрацоўкі разнастайнымі фолк-гуртамі і іх выкананьне на канцэртных пляцоўках, экспедыцыі з запісам яшчэ захаваўшыхся пярлін нацыянальнага фальклёру ці можа для яго выратавальным стане адраджэньне сакральнага скаданіка народнай сьпеўнай спадчыны? Наш вопыт і цьвярозае асэнсаваньне сёньняшніх рэаліяў падказвае: толькі гарманічнае спалучэнне гэтых элементаў працы на фальклёрнай дзялянцы дазволіць энтузыястам і выканаўцам фальклёру захаваць (гэта аптымістычны погляд на працэс) ці затармазіць працэс зыходу ў нябыт нашай сьпеўнай Атлянтыды. Прынамсі, да таго часу, калі ў сёньняшняй улады зьменяцца адносіны да айчыннай фальклёрнай спадчыны. Ці сама ўлада зьменіцца на сваю супрацьлегласьць...

 

Дадаць каментар