Свaбодa,  Вeрнасць,  Нeзалежнасць!

 The Charity Project (Noncommercial)

Урокі Катыні Друк E-mail
Аўтар: Яраслаў Раманчук   
14.04.2010 20:00

Катынь: прабачце і памятайце!

Катынь – гэта сімвал. Сімвал глыбокай трагедыі і беспрэцэндэнтнай жорсткасці. Сімвал гідкай здрады і сілы духа. Сімвал імкнення дамагчыся прызнання гістарычнай праўды і змовы маўчання.

Катынь – гэта глыбокая рана. Афіцэры і звычайныя людзі паўсталі на абарону сваёй радзімы. Сваіх родных і блізкіх, традыцый і культуры продкаў. «Саюзнік» ім здрадзіў. За ўдарам у спіну рушылі ўслед кулі-забойцы. Дагэтуль катаў не асудзілі. Не дайшлі да суда справы тых, хто аддаваў загад ажыццявіць масавае забойства. Без маральнага асуджэння гісторыі застаецца ідэалогія дыктатуры пралетарыята, манаполіі сярпа і молата на ўласнасць, веру і культуру. Раны родных і блізкіх па-ранейшаму крываточаць.

Катынь – гэта вера ў справядлівасць і пакаянне. Справядліва, калі ката завуць катам, а нявінна забітага – ахвярай. Калі адкрываецца ўся праўда, усе дакументы, якія датычаць дасканалага злачынства. Справядліва чуць «Прабачце!» ад палітыкаў. І «Памятайце!»

Катынь – гэта шанец на пагадненне і заспакаенне душ. Толькі праўда можа быць падмуркам пагаднення. Душы супакояцца толькі ад сумеснай малітвы. Шчырыя поціскі рукі і нацыянальнае партнёрства верне ўзаемную павагу і давер у сэрцы. Жыць па сумленні. Працаваць па закону. Супрацоўнічаць і канкураваць па адзіных правілах.

Гісторыя дае нам унікальны шанец

Авіяцыйная трагедыя красавіка 2010 года стала звонам, крыкам гісторыі ў стаўленні да Катынскіх масавых растрэлаў вясны 1940.  Авіякатастрофа і згуба  96 прадстаўнікоў польскай эліты – непамерна вялікі кошт за тое, каб звярнуць увагу на крывацечны ўрок гісторыі.

Сёння ўжо нельга замоўчваць крывавыя падзеі ў Катынскім лесе сямідзесяцігадовай даўніны. Нельга пакінуць іх за межамі міждзяржаўных адносін. Нельга зрабіць выгляд, што іх не было. Не атрымаецца заняцца толькі эканомікай, інвестыцыямі і фінансамі, а гісторыю пакінуць для гісторыкаў. Сёння катынская праўда пра трагедыю 1940 і 2010гг. – гэта абавязковая частка любога паспяховага эканамічнага плану.

Паспяховы бізнес можа існаваць толькі на ўзаемным даверы. Даверы не толькі да лічбаў, балансаў і аўдытарскіх высноў. Галоўнае – давяраць партнёру. Давяраць на падставе ведаў яго маральных прынцыпаў, дзеянняў, яго крэдытнай гісторыі. Прыгожы баланс у чалавека з «бруднымі» рукамі і крывой душой наўрадці стане падмуркам узаемакарыснага супрацоўніцтва. Лічбы высокага прыбытку могуць быць пасткай, калі пагадненне здзяйсняецца з чалавекам, які ў мінулым растаптаў сваіх партнёраў.

Гісторыя дае нам шанец аднавіць праўду. Расследаванне авіякатастрофы пад Смаленскам 10 красавіка 2010 года можа стаць пачаткам будаўніцтва мастка даверу. За ім абавязкова павінна быць усебаковае сумеснае расследаванне Катынскай бойні вясны 1940 года. Жыццё прэзідэнта Леха Качыньскага і 95 іншых паважаных палякаў – занадта высокі кошт напаміну пра неабходнасць аднаўлення гістарычнай справядлівасці і даверу. Палітыкі не маюць права пазбыцца магчымасці зламаць рэшткі Берлінскай сцяны паміж Польшчай і Расіяй, паміж Еўропай і Расіяй. Для нашай краіны таксама важна пагадненне з навакольным светам, пагадненне саміх з сабою.

Свет здзіўлены крызісам даверу. Не вераць палітыкам і банкірам. Не вераць службоўцам і аналітыкам. Не вераць гісторыкам і філосафам. Занадта шмат з'явілася шарлатанаў, псеўданавукоўцаў і лжэпрарокаў. У гэтай каламутнай вадзе камфортна не сумленным людзям, а ашуканцам. Сябраваць «супраць» стала модна. Усё роўна, супраць чаго і каго. Сіл і жадання ствараць трывалыя кааліцыі «за» не застаецца. Дзве Катынскія трагедыі даюць нам гістарычную магчымасць сябраваць «за». За праўду, за гонар, за сумленне.

Беларусь не можа чакаць у акопах

У Беларусі шмат сваіх крывацечных ран. Сёння ўвесь свет ведае пра Катынь, але мала хто ведае, што на тэрыторыі нашай краіны каты з рознымі знакамі адрознення дзесяткамі тысяч знішчалі нашых суайчыннікаў. Іх забыццё і страчаныя імёны – дакор усім нам, у першую чаргу тым, хто захоўвае ключы ад архіваў.

Трагедыя Катыні красавіка 2010 года павінна скалануць замшэласць стомленых беларускіх палітыкаў. Многія з іх усё яшчэ знаходзяцца ў акопах Другой сусветнай вайны, у супрацьстаянні Савецкага Саюза і Захаду. Яны ваююць са зданямі свайго хворага ўяўлення і ўрыўкавых ведаў. Яны – партыя вайны, якая не жадае адкрыць праўду пра злачынствы супраць свайго народа. Яны – партыя хлусні, якая не прызнае дакументаў і апанентаў.

Трагедыі Катыні практычна супалі з Радаўніцай. Супадзенне гэта ці боскі намер, нам вельмі важна не прапусціць гэтыя яркія знакі прыроды і гісторыі. У нас адна краіна. Мы не перастанем яе кахаць ад таго, што даведваемся пра яе праўду. Якой б яна ні была. Праўда пра трагедыі і пакуты беларусаў неабходная для нацыянальнага яднання. Сёння Польшча адзіная злучаная перад тварам Катынскіх трагедый. Пакаянне і малітва ўсіх разам за неспакойныя душы нашых продкаў – гэта пачатак беларускага нацыянальнага адзінства.

Беларусь чакаюць складаныя часіны. Эканамічны крызіс не рассмактаўся. Кошты растуць, а прыбыткі падаюць. Кішэні спажыўцоў пусцеюць. Нафта і газ даражэюць. Прадпрыемствы вырабляць канкурэнтаздольную прадукцыю не сталі. Дзіра ў дзяржаўным бюджэце расце. Працоўныя месцы знікаюць. Таленавітыя «мазгі» бягуць на Захад. Пазыковая яма паглыбляецца. Давер працоўных да дырэктараў, выбарнікаў да ўладаў, вучняў да настаўнікаў, хворых да лекараў знікае.

Эканамічны крызіс ёсць, але ён з'яўляецца наступствам. Мы ўвайшлі ў глыбокі крызіс даверу і маралі. Гэты крызіс ад гістарычнага забыцця і хлусні. Гэты крызіс ад страху паглядзець на сябе ў люстэрка, паглядзець у люстэрка гісторыі.

За малітвай за душы загінуўшых у Катыні ў 1940 і 2010 павінны ісці пэўныя земскія справы. Час расціснуць кулакі і працягнуць рукі адзін аднаму для ўзаемнай падтрымкі. Неабходна салідарнасць усіх беларусаў перад тварам сур'ёзных пагроз і выклікаў. Дзякуй богу, што няма вайны. Аднак эканамічная разруха можа быць не менш страшнай. Каб яе не дапусціць, каб хутчэй пераадолець крызіс у галовах, сэрцах і ў эканоміцы, трэба перапрасіць, павініцца і разам ісці наперад. Перапрасіць за Дзяржплан і мільярды даляраў змарнаваных інвестыцый. За дыскрымінацыю прадпрымальнікаў, за велізарныя штрафы і непасільныя падаткі. Павініцца за страчаныя магчымасці, за самаізаляцыю, за дзяленне грамадства на «сваіх» і «апазіцыю». Ісці наперад – да палітычнай і эканамічнай волі. Да сяброўства і паўнавартаснага партнёрства з Расіяй, ЕС і ўсімі блізкімі і далёкімі суседзямі. Да даверу да волі спажыўца і прадпрымальніка. Гэта – аснова паспяховай антыкрызіснай стратэгіі. Моцныя духам першыя становяцца на калені і падаюць руку. Слабыя ж забараняюць паказ фільма «Катынь» і працягваюць верыць у крывавыя, іржавыя ідэалы сярпа і молата.
 

Дадаць каментар