|
Кастрычнік
• 12.10.2008
. Актывісты незарэгістраванага руху "Маладая Беларусь" пачалі збор подпісаў за ўсталяванне памятнага знаку на будынку, у якім 12 ліпеня 1918 года прадстаўнікі магілёўскай грамадскасці падтрымалі абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
• 11.10.2008
.
Культурна-асветны клуб "Спадчына" звярнуўся да Савета Міністраў, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь,Міністэрства культуры, Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, творчых саюзаў, палітычных партый і грамадскасці краіны са зваротам, у якім заклікаў адзначыць 600-годдзе перамогі пад Грунвальдам (15 ліпеня 2010 г.) на дзяржаўным узроўні. 
. Духоўна-асветная выстава "Пакроўскі кірмаш" адкрылася ў сталічным Палацы мастацтва. На ёй прадстаўленыя праваслаўная літаратура, аўдыёпрадукцыя, іконы, прадметы царкоўнага ўжытку і храмавага ўбрання, вырабы народных промыслаў ад манастыроў і праваслаўных прыходаў Беларусі, Расіі, Украіны. У межах "Пакроўскага кірмашу" пройдуць музычныя і літаратурныя мерапрыемствы.
• 10.10.2008
. Дзяржаўная дума Расійскай Федэрацыі ратыфікавала расійска-беларускае пагадненне аб забеспячэнні роўных правоў грамадзян Расіі і Беларусі на свабоду перамяшчэння, выбар месца знаходжання і жыхарства на тэрыторыі краін Саюзнай дзяржавы.
. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у двух чытаннях прынялі дапаўненні ў закон "Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь", які прадугледжвае ўвядзенне ў Беларусі ганаровага звання "Заслужаны шахцёр Рэспублікі Беларусь".
. У Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры пачаўся фэст нефармальнай адукацыі. У ім бяруць удзел каля 90 арганізацый і больш за 200 чалавек з Беларусі, Украіны, Расіі, Нямеччыны, Швецыі, Даніі ды Польшчы.
. У Гародні на вуліцы Замкавай адкрыўся музей пажарнай службы. Яго экспазіцыя размесцілася ў дзвюх залах, а таксама ў старой пажарнай каланчы, пабудаванай у царскія часы.
• 09.10.2008
. Пачаліся IV Кракаўскія дні літаратуры ў Польшчы. У іх бяруць удзел 11 беларускіх пісьменнікаў, перакладчыкаў і перформераў: Зміцер Вішнёў, Вольга Гапеева, Югася Каляда, Інеса Кур`ян, Яўген Лёсік, Марыйка Мартысевіч, Ярыла Пшанічны, Ілля Сін, Сяргей Сматрычэнка, Андрэй і Алена Хадаровіч.
. Міжнародная навуковая канферэнцыя "Сусветны літаратурны працэс: аўтар-жанр-стыль" адкрылася ў Брэсце. У ёй прымаюць удзел вучоныя з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы і Азербайджана. Першы дзень канферэнцыі прысвечаны інавацыйным падыходам у даследаваннях і выкладанні сусветнай літаратуры ў ВНУ і школах.
. Пасля рэканструкцыі ў Гародні адкрыты Стары мост цераз Нёман, які быў пабудаваны ў 1949 годзе і злучае два раёны ў цэнтральный частцы горада.
• 08.10.2008
. Старшыня грамадскага аб'яднання "Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры" Антон Астаповіч звярнуўся з адкрытым лістом да генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча, у якім заявіў пра шматлікія выпадкі парушэння закона "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" пры правядзенні работ у гістарычным цэнтры Мінска.
• 07.10.2008
. У мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой" адкрылася выстава "З найвялікшай жорсткасцю… Злачынствы вермахта ў Польшчы, верасень-кастрычнік 1939 года". На ёй Прадстаўлена 120 гістарычных фотаздымкаў і дакументаў аб злачынствах гітлераўцаў на тэрыторыі Польшчы ў гэты перыяд Другой сусветнай вайны. Экспазіцыя створаная польскімі і нямецкімі гісторыкамі.
. У Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адкрыўся III Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, які ставіць за мэту - забяспечыць магчымасць сумеснага музіцыравання маладых перспектыўных выканаўцаў і прызнаных майстроў.
• 06.10.2008
. Да 685-годдзя Ліды ў горадзе адкрытыя чатыры помнікі: мемарыяльны камень з выбітым старажытным гербам горада, помнік чыгуначнікам, бронзавая кампазіцыя савецкаму камандзіровачнаму і гранітны сонечны гадзіннік.
• 05.10.2008
. На IV Міжнародным фестывалі-конкурсе "Песні свету" ў Кішынёве беларускі выканаўца Іван Буслай удастоены трэцяй прэміі.
• 04.10.2008
. 685 гадоў з часу заснавання горада адзначылі ў Лідзе. У гэты дзень адкрыўся Лідскі гісторыка-мастацкі музей, дзе была презентаваная выстава, прысвечаная вялікаму князю Гедыміну, які ў 1323 годзе пачаў будаваць Лідскі замак, а на гарадской плошчы адбылося тэатралізаванае прадстаўленне.
. У гарадзенскай капліцы рыма-каталіцкай парафіі Аўгустовак прайшла прэзентацыя віртуальнай энцыклапедыі "Нашы Касцёлы" і збору твораў ксяндза Адама Станкевіча "З Богам да Беларусі". На ёй выступілі аўтары дыску і ўкладальнікі 1100-старонкавай кнігі прац Адама Станкевіча.
. У Нясвіжы адкрылася пасяджэнне групы беларускіх і польскіх экспертаў па пытаннях нясвіжскіх помнікаў. У ім бяруць удзел прадстаўнікі міністэрстваў культуры Беларусі і Польшчы.
• 03.10.2008
. У Мінскім Палацы мастацтва адкрылася выстава XVI міжнароднага агляду-конкурсу міжнароднай асацыяцыі саюзаў архітэктараў (МАСА) на найлепшы праект 2008 года. У межах творчай акцыі дэманструюцца матэрыялы III рэспубліканскага конкурсу дыпломных праектаў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных архітэктурных школ Беларусі за 2008 год, работы членаў Міжнароднай акадэміі архітэктуры, а таксама праекты-фантазіі вядомага рускага архітэктара і тэарэтыка мастацтва Якава Чэрніхава (1889—1951), адкрытая выстава, прысвечаная памяці мастака і галоўнага архітэктара Інстытута горадабудаўніцтва Беларусі Віктара Сахно.
. Аўтары падземнага грамадска-гандлёвага цэнтра "Сталіца" на плошчы Незалежнасці ў Мінску ўзнагароджаны залатым медалём і гран-пры XVI міжнароднага агляду-конкурсу Міжнароднай асацыяцыі саюза архітэктараў ў намінацыі "За лепшую пабудову года" на тэрыторыі краін СНД.
. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла ў першым чытанні змяненні ў закон "Аб культуры", які прыведзены ў адпаведнасць з Указам прэзідэнта № 259 "Аб арганізацыі гастрольна-канцэртнай дзейнасці".
. V Беларускі міжнародны фестываль тэатраў лялек адкрыўся ў Мінску. На ім будзе прадстаўлена больш як 20 спектакляў тэатраў з Беларусі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Славеніі, Украіны і Чэхіі.
. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на пленарным пасяджэнні прынялі ў першым чытанні законапраект "Аб ахове атмасфернага паветра", які вызначае прававыя і арганізацыйныя асновы аховы атмасфернага паветра ад забруднення выкідамі хімічных і біялагічных рэчываў у выніку гаспадарчай ды іншай дзейнасці юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў.
• 02.10.2008
. Прадстаўнікі магнацкага роду Радзівілаў перадалі Беларусі матэрыялы па гісторыі сваіх продкаў: два арыгінальныя прыжыццёвыя гравюрныя партрэты XV і XVI стагоддзяў Януша і Мікалая Радзівілаў, лічбавую копію партрэта Барбары Радзівіл і актуалізаванае генеалагічнае дрэва роду Радзівілаў.
. У Мінску прэзентаваны архіўны даведнік "Беларускае таварыства па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. 1916—1918 гады", створаны супрацоўнікамі Нацыянальнага архіва Беларусі і Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва Санкт-Пецярбурга. У выданні прадстаўлены матэрыялы і дакументы з архіва Беларускага таварыства ў Петраградзе.
. Званне доктара honoris causa Кіеўскай духоўнай акадэміі прысвоена мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Філарэту, патрыяршаму экзарху ўсяе Беларусі. Цырымонія ўручэння дыплома адбылася 28 верасня ў Кіеве ў межах VIII міжнародных Успенскіх чытанняў "Памяць і гісторыя: на скрыжаванні культур".
. Санаторый-прафілакторый пісьменнікаў "Іслач" каля вёскі Ракаў Валожынскага раёна Мінскай вобласці прададзены ААТ "Белінвесткапітал" (Мінск) за 3,5 млрд. рублёў на адкрытым аўкцыёне, які адбыўся 2 кастрычніка ў Дзяржаўным камітэце па маёмасці.
• 01.10.2008
. Упраўленне рэгістрацыі і класіфікацыі кінавідэапрадукцыі дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі тэлеспектаклю "Тутэйшыя", знятага па заказе тэлеканала "Белсат" (Польшча).
. Пачалася агульнабеларуская кампанія "Будзьма!", ініцыятарамі якой выступілі беларускія творчыя і грамадскія аб`яднанні дэмакратычнай скіраванасці. Сярод бліжэйшых акцый кампаніі - выпуск трох зборнікаў сучаснай беларускай музыкі "Будзьма The Best", канцэрты, лекцыі, выставы, сустрэчы і прэзентацыі.
. На пасяджэнні прадстаўнікоў грамадскасці ў Мінску зацверджаны план мерапрыемстваў, прысвечаных Дню памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Беларусі: 28 кастрычніка ў сталічным офісе Партыі БНФ адбудзецца абвяшчэнне прыгавору грамадскага трыбунала "Злачынствы сталінізму ў Беларусі", прэзентацыя інтэрнет-партала Леаніда Маракова, яго кнігі нарысаў "Непрымірымыя", будзе паказаны фільм "Курапаты: дарога сумлення", 29 кастрычніка ў Курапатах адбудзецца адкрыццё мемарыяльнага знака на адным з пахаванняў.
|
|

|
Гістарычны каляндар
02.10.1413 Заключана Гарадзельская унія Вялікага Княства з Каралеўствам Польскім, якая надала вялікакняскай шляхце палітычныя правы.
03.10.1615 У Мазыры пачалося паўстанне мяшчан.
04.10.1582 У Рэчы Паспалітай уведзены новы грыгарыянскі каляндар.
05.10.1458 Нарадзіўся святы Казімір, сын вялікага князя літоўскага Казіміра IV Ягелончыка, патрон Гарадзенскага біскупства, абаронца Вялікага Княства.
06.10.1517 Францішак Скарына выдаў у Празе "Прытчы Саламона".
06.10.1762 Мястэчка Мядзель атрымала самакіраванне паводле магдэбургскага права.
07.10.1765 Нарадзіўся Міхал Клеафас Агінскі (мяст.Гузава, цяпер Жырардоўскі пав. Мазавецкага ваяв., Польшча), дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, удзельнік паўстання 1794г.
07.10.1788 Нарадзіўся Іван Насовіч (в.Гразівец, цяпер Чавускі р-н), мовазнавец-лексіколаг, фалькларыст, этнограф.
08.10.1660 Войскі Рэчы Паспалітай у бітве на рацэ Басі каля Чавусаў адбілі наступленне маскоўскага войска і прымусілі яго адступіць да Смаленска.
10.10.1794 У бітве з расійскім войскам пад Мяцяёвіцамі (цяпер Польшча) паўстанцы пацярпелі паразу, а цяжка паранены Тадэвуш Касцюшка ўзяты ў палон.
11.10.1918 Уступіла ў дзеянне часовая канстытуцыя Беларускай Народнай Рэспублікі, прынятая Народным Сакратарыятам Беларусі.
12.10.1398 На востраве Салін (на Нёмане) падпісана дамова аб дапамозе паміж Вялікім Княствам і Тэўтонскім ордэнам.
12.10.1633 У Полацку адбыўся ўзброены мяцеж гараджан супраць уніяцкага арцыбіскупа Сялявы.
12.10.1761 Шчучын атрымаў магдэбургскае права.
13.10.1888 Нарадзіўся Язэп Драздовіч (засц.Пунькі, цяпер Глыбоцкі р-н), мастак, скульптар, пісьменнік, этнограф, археолаг.
15.10.1432 У Гародні выдадзены прывілей караля Ягайлы, які ўраўняў у правах праваслаўных князёў і баяраў з феадаламі-каталікамі.
|
|